Падыходзіць да свайго канца другі месяц восені. Гэта час, калі надвор’е радуе то яркім сонцам і чыстым небам, то хмурыцца шэрымі хмарамі і праліваецца на зямлю халодным дажджом. Але, нягледзячы на капрызы прыроды, задача перад аграрыямі стаіць не з лёгкіх — убраць кармы якасна і своечасова. Працаўнікі палёў спяшаюцца не ўпусціць ніводнай пагодлівай хвіліны, імкнучыся сабраць увесь ураджай без астатку.
Працоўны дзень у механізатараў КСУП “Малінаўка-Агра” пачынаецца з узыходам сонца. Зранку яны спяшаюцца ў машынна-трактарны парк, каб падрыхтаваць свае агрэгаты да выхаду ў поле.
Падчас нашага візіту тут вяліся работы па закладцы кукурузы на сілас. Да яе ўборкі прыступілі яшчэ ў канцы жніўня, калі яна дасягнула малочна-васковай спеласці. Паводле слоў галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Валянціна Глезава, “царыца палёў” сёлета вырасла нядрэнная, а ўсё дзякуючы своечасова выкананым работам па сяўбе і падкормцы ўгнаеннямі. На 20 кастрычніка гэтай культуры ў траншэі было закладзена больш за 19 тыс. т.
Уборкай кукурузы на сілас займаюцца вопытныя механізатары сельгаспрадпрыемства, іх імёны вядомыя кожнаму чытачу нашай газеты, таму што яны знаходзяцца заўсёды на перадавой. Уладзімір Прымак увесь сезон працуе на камбайне КВК-800, нарыхтоўваючы пажыўны корм для жывёл, не адстае ад яго і калега па цэху Аляксандр Дзегцяроў, які ліха кіруе сваім КГ-6. Кожны дзень яны нарыхтоўвалі ад 200 да 400 т сакавітых кармоў. Аграрыі спяшаюцца, бо чым глыбей восень, тым менш светлавы дзень. Нарыхтаванае нельга пакідаць у полі — усё неабходна прыбраць і закласці трывалую кармавую базу.
Здробненую масу адвозяць з палёў Радзій Ібрагімаў, Віктар Дахно, Дзяніс Ласіца і Пётр Башлакоў.
Разам з імі працуе Аляксандр Карпенка. У сельгаспрадпрыемства ўраджэнец аг. Малінаўка ўладкаваўся ў мінулым годзе ўжо будучы вопытным механізатарам. Атрымаўшы правы трактарыста-машыніста, шмат гадоў працаваў у аграпрамысловым комплексе раёна. У цяперашнюю асенне-палявую кампанію на сваім трактары “Беларус 1221” ён ажыццяўляе адвозку “зялёнкі” ў траншэю. Круглы год аграрый імкнецца прыносіць карысць роднаму сельгаспрадпрыемству, бярэцца за любое заданне і з поспехам яго выконвае.
Яшчэ адным прафесіяналам сваёй справы з’яўляецца Аляксандр Прымак. З пачатку ўборачнай кампаніі мужчына працуе на новым камбайне КЗС-1218. У жніўні ён убіраў збожжавыя, а цяпер займаецца ўборкай кукурузы на зерне. Яе адвозку на аўтамабілі МАЗ выконвае Мікалай Такарэнка.
Трамбуе зялёную масу на трактары “Беларус 3022” Аляксандр Чвей. Механізатар не па чутках ведае, што малако ў каровы на языку ― чым лепш накорміш, тым больш надоіш і, адпаведна, рэалізуеш.
У сельскіх працаўнікоў чарада спраў працягваецца — адны клопаты змяняюцца іншымі. Не забыліся тут і пра задзел на будучыню.
— Сёлета сяўбу азімых збожжавых пачалі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, — кажа Валянцін Ціханавіч. — Але для таго, каб атрымаць годны ўраджай, трэба няўхільна прытрымлівацца тэхналагічных патрабаванняў агратэхнікі. Плануем завяршыць сяўбу ў вызначаныя тэрміны.
Для гэтага ёсць усе перадумовы: тэхніка працуе без збояў і прастояў, механізатары увесь светлавы дзень у полі. Мы ўжо засеялі больш за 1200 га плошчаў.
У полі непадалёк ад н.п. Астравы на трактары “Беларус 2022” з агрэгатам “Хорш” выконваў пасеў дасведчаны механізатар Аляксандр Юрчанка. Сам ён мясцовы, у сельгаспрадпрыемстве, можна сказаць, са школьнай лавы. Тэхніку аграрый ведае “ад і да”, можа ліквідаваць любую паломку, але імкнецца яе пазбегнуць, таму замацаваны за ім трактар утрымлівае ў ідэальным парадку. Плячом да пляча з ім добрасумленна працуе механізатар з шматгадовым стажам Міхаіл Рабянок. На думку земляроба, галоўнае ў працы ― веды, навыкі і цягавітасць. У калектыве механізатара цэняць за працавітасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу, гавораць як аб добрасумленным і адкрытым чалавеку, які выконвае заўсёды сваю працу якасна і ў поўным аб’ёме. Ён з душой апрацоўвае родную зямлю, робіць усё, каб палепшаць дабрабыт людзей і калектыву.
Рыхтуюць глебу пад сяўбу на сваіх агрэгатах Сяргей Зянько, Андрэй Выгляд і Мікалай Котаў. Унясеннем мінеральных угнаенняў займаецца Дзмітрый Асадчы.
Кожны дзень гектар за гектарам працаўнікі сельгаспрадпрыемства набліжаюцца да завяршэння палявых работ. А пасля невялікай зімовай перадышкі зноў загудзіць тэхніка на раллі, але гэта ўжо будзе новы сезон. А пакуль застаецца пажадаць аграрыям добрага надвор’я, паспяховага заканчэння корманарыхтоўчай кампаніі.


