Кожны чалавек належыць свайму часу, нясе на сабе яго адбітак і ўплывае на яго. Час пакалення Іларыёна Мяфодзьевіча Ігнаценкі — паслярэвалюцыйны, савецкі. Час індустрыялізацыі і калектывізацыі, вайны і пасляваеннага аднаўлення, вялікіх новабудоўляў і ГУЛАГа, энтузіязму і прымусу, высокіх ідэалаў і расчараванняў.
У гэтым сэнсе жыццёвы шлях сялянскага сына з вёскі Дзімамеркі тыповы. Іларыён Мяфодзьевіч нарадзіўся 28 снежня 1919 года. Традыцыйны і пачатак — па бацькоўскаму следу ў верасні 1935 г. ён паступае вучыцца ў Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Затым — Амурская вобласць, Мазанаўскі райземаддзел, куды ў 1939 г. атрымаў размеркаванне малады заатэхнік. Адрываўся ад роднай зямлі, але каго ў 20 гадоў не захапляе рамантыка дальняй дарогі? У кастрычніку таго ж 1939-га быў прызваны на вайсковую службу з прызначэннем на Ціхаакіянскі флот. Здыме форму ён толькі праз восем гадоў, з якіх чатыры прыпалі на Вялікую Айчынную вайну. У складзе Каспійскай, а потым Азоўскай ваенных флатылій прымае ўдзел у баявых аперацыях. У 1942 годзе Іларыён Ігнаценка ўступае ў Камуністычную партыю.
Пасля вызвалення Крыма — парторг адной з часцей у Еўпаторыі, затым у Севастопалі. Член Севастопальскага гарадскога камітэта партыі. Аднак застацца на флоце або перайсці на прафесійную партыйную работу адмовіўся і папрасіў адпусціць у Беларусь.
Па сутнасці Іларыён Мяфодзьевіч свядома адмаўляецца ад ваеннай ці партыйнай кар’еры. Так будзе яшчэ не раз. Па жыцці яго вялі не кар’ерныя стымулы, а ўсё мацнеючае прызванне гісторыка.
Пасля вяртання ў Беларусь, ужо працуючы інструктарам Гомельскага абкама КП(б)Б, Іларыён Мяфодзьевіч выкарыстоўвае першую ж магчымасць прадоўжыць навучанне — сканчае пракурорскія курсы ў Ленінградзе. У 29 гадоў ён — пракурор горада Гомеля, выпадак выключны. Цаной жорсткай самадысцыпліны экстэрнам (усяго за два гады) ён скончыў гістарычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. I тут жа яшчэ раз крута мяняе свой лёс: пераконвае кіраўніцтва адпусціць яго на вучобу ў аспірантуру Белдзяржуніверсітэта. 3 высокай пасады, добрай зарплаты — на аспіранцкія капейкі. Не кожны здольны так упэўнена, рашуча пераступіць цераз спакусы ўлады, рэзка змяніць свой сацыяльны статус.
За ўсім гэтым — незалежны характар, аналітычны, самастойны склад мыслення, высокая духоўнасць і высокая мера сумлення ў спалучэнні з разуменнем многага з таго, што для большасці людзей было яшчэ незразумелым. Работа загадчыка кафедры гісторыі СССР у інстытуце імя У.I. Леніна ў Будапешце ў 1955-1956 гг., якраз напярэдадні трагічных падзей, дапамагла яму многае ўбачыць і многае пераасэнсаваць. Калі ў 1958 г. I.М. Ігнаценку, ужо дацэнту і сакратару парткама БДУ, прапануюць пасаду сакратара Мінскага гаркама, ён падпарадкуецца партыйнай дысцыпліне. Аднак ужо ў 1960 г. ён усё ж пераканаў партыйных кіраўнікоў адпусціць яго назад у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У выбары паміж кар’ерай і творчай навуковай працай ён ніколі не ведаў сумненняў. Дацэнт кафедры гісторыі СССР БДУ, дэкан падрыхтоўчага факультэта для замежных студэнтаў, а пасля абароны ў 1964 г. доктарскай дысертацыі — дэкан юрыдычнага факультэта і адначасова загадчык кафедры гісторыі дзяржавы і права СССР. 3 1966 па 1969 гг. Іларыён Мяфодзьевіч — дырэктар інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, з 1969 г. — дырэктар інстытута гісторыі АН БССР. У 1969 г. яго выбіраюць членам-карэспандэнтам, а ў 1974 г. — правадзейным членам АН БССР. 3 1975 г. — зноў дырэктар Гістпарта, у 1980-м — новае вяртанне ў акадэмічны інстытут: загадчык аддзела гісторыі Беларусі перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, загадчык аддзела гісторыі Беларусі савецкага перыяду, у апошнія гады — галоўны навуковы супрацоўнік.
I. М. Ігнаценка вёў актыўную грамадскую працу. Ён з’яўляўся членам ЦК КПБ і дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, старшынёй Мінскага гарадскога праўлення, членам прэзідыума Рэспубліканскага і Усесаюзнага таварыства «Веды», уваходзіў у склад прэзідыума і з’яўляўся кіраўніком секцыі грамадскіх навук Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, быў намеснікам старшыні Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскай дружбы і інш. Былі і ўзнагароды — тры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета.
Яго пяру належаць шэсць грунтоўных манаграфій, звыш 200 артыкулаў і раздзелаў у калектыўных працах. Калі ж улічыць, што ён з’яўляўся старшынёй двух саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, уваходзіў у склад экспертнага савета па гістарычных навуках ВАК СССР, што пад яго асабістым кіраўніцтвам каля 60 навукоўцаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі і 20 — доктарскія, то стане зразумелым і маштаб яго ўплыву на развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі.
У Іларыёна Мяфодзьевіча быў багаты жыццёвы вопыт, ён быў надзвычай арганізаваны і мужны чалавек. Яго вызначалі, перш за ўсё, высокія самадысцыпліна, патрабавальнасць да сябе і калег. Разам з тым ён быў добразычлівы чалавек, з пачуццём гумару.
У лютым 2002 года перастала біцца сэрца Іларыёна Мяфодзьевіча Ігнаценкі — аднаго з найбольш вядомых беларускіх гісторыкаў, арганізатара навукі, педагога, грамадскага дзеяча, доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка НАН Беларусі.
