Няхай вам шчасціць!

Новы год ужо на парозе і чакае запаветных дванаццаці ўдараў гадзінніка, каб пад радасныя воклічы, пажаданні дабра і шчасця, звон келіхаў увайсці ў кожны дом.

Здаецца, зусім нядаўна адзначылі надыход 2022-га, а вось ён ужо прамчаўся, стрыножыў коней і чакае толькі, каб перадаць эстафету маладому 2023-му ды застацца ў гісторыі. А там, у гісторыі (прынамсі нашай краіны), яму знойдзецца вартае месца, бо быў ён багаты на падзеі ў жыцці Беларусі — і ў плане міжнародных стасункаў, і ва ўнутраных нашых справах. Быў ён няпросты — праблемы ў суседзяў адгукнуліся і ў нас. Але 2022-гі, насычаны падзеямі, вострымі пытаннямі, пошукамі шляхоў іх вырашэння, насамрэч быў у многім паказальны перш за ўсё для нас саміх. Мы адчулі і асэнсавалі, што жыць ў спакойнай краіне — гэта сапраўднае вялікае шчасце. Мы ўбачылі, што ўласнай Радзімай, якая годна выглядае на міжнароднай арэне і мае свой адметны голас, які чуюць і да якога прыслухоўваюцца, можна ганарыцца. Мы зразумелі, што разам, згуртаваўшыся і падтрымліваючы адзін аднаго, рэальна пераадолець любыя цяжкасці. За гэта трэба сказаць дзякуй няпростаму 2022-му, бо ў ім мы сталі мудрэйшымі і мацнейшымі, навучыліся адрозніваць і цаніць сапраўды важнае ў жыцці.

З гэтым каштоўным набыткам мы сустракаем 2023-ці, які таксама будзе няпростым, але ж, несумненна, і цікавым, і насычаным новымі падзеямі і ўражаннямі. Будзем гуляць вяселліі, адпраўляць дзяцей у школу, сеяць збожжа, збіраць ураджай, засынаць з упэўненасцю, што заўтра будзе, і прачынацца з перакананасцю, што новы дзень — добры. І ў нас абавязкова ўсё атрымаецца — пражытыя людзьмі сотні, тысячы гадоў сведчаць, што менавіта так бывае з тымі, хто верыць у сябе і сваю зямлю.

А сваім чытачам у новым годзе мы абяцаем, што наперадзе ў нас шмат цікавых сустрэч і шчырых размоў, добрых навін і сумеснай творчасці. Дзякуй, што засталіся разам з намі і ў 2023-м. Няхай для кожнага з вас ён стане годам здароўя, натхнення і добрых набыткаў!

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK