Пачынаючы з першага месяца каляндарнай зімы ў Беларусі ўводзіцца шэраг новаўвядзенняў, многія з якіх так ці інакш закрануць большасць грамадзян. Напрыклад, у снежні вырастуць пенсіі, а веласіпеды, якія будуць прадавацца, занясуць у спецыяльную базу. Але гэта далёка не ўсё, што чакае беларусаў у гэтым месяцы. Далей мы падрабязна раскажам пра найбольш важныя змены.
ПЕНСІІ ПАВЯЛІЧАЦЦА
У снежні на 5% павысяцца пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці і з нагоды страты карміцеля. Адзначым, што гэта павышэнне пенсій ужо трэцяе ў гэтым годзе (у сакавіку пенсіі павялічвалі на 7%, у жніўні — на 10%). Разам з тым у Мінпрацы і сацабароны асобна акцэнтавалі ўвагу: памер пенсіі ў кожнага канкрэтнага пенсіянера будзе свой, залежыць ён ад мноства фактараў, гэта і працягласць стажу, і велічыня заробку, і ўстаноўленыя даплаты да асноўнай пенсіі.
НОВАЎВЯДЗЕННЕ ДЛЯ НЕ ЗАДЗЕЙНІЧАНЫХ У ЭКАНОМІЦЫ ГРАМАДЗЯН
З 1 снежня дзейнічаюць абноўленыя параметры пастаноўкі на ўлік і зняцця з яго не задзейнічаных у эканоміцы беларусаў.
Цяпер у гэтую катэгорыю будуць адносіць тых, хто выконвае работы, аказвае паслугі або стварае аб’екты інтэлектуальнай уласнасці па дагаворах, але не атрымліваюць узнагароды.
Змяненні закранулі і бацькоў. Раней ад гэтага статусу вызваляліся грамадзяне, якія з’яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх. Цяпер гэты пункт падзялілі на дзве часткі і з другой прыбралі ўпамінанне пра бацьку.
Зараз занятымі ў эканоміцы будуць лічыцца толькі жанчыны-маці (мачахі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі), якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх. Пры гэтым абодва бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, па-ранейшаму не будуць з’яўляцца не задзейнічанымі ў эканоміцы.
ШТРАФЫ ДЛЯ ВАДЗІЦЕЛЯЎ
З 1 снежня рублём пакараюць вадзіцеляў, якія ездзяць на летняй гуме, таму што аўтамабілі, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху, павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. На першы раз штраф складзе 32 беларускія рублі — адну базавую велічыню. А вось калі такое ж парушэнне здарыцца паўторна (на працягу года), то аўтаўладальніку, які правініўся, давядзецца раскашэліцца, і сума штрафу складзе ад дзвюх да пяці базавых велічынь (ад 64 да 160 беларускіх рублёў).
Яшчэ адзін вельмі важны момант: нават калі вы ездзіце на зімовай гуме, але яна «сцёртая», гэта значыць рэшткавая вышыня малюнка пратэктара менш за 4 міліметры, то супрацоўнікі ДАІ вас таксама маюць права аштрафаваць, санкцыі аналагічныя (максімум 5 базавых).
НОВЫ ГРАФІК ЦЯГНІКОЎ
Беларускай чыгункай з 11 снежня ўводзіцца графік руху цягнікоў на 2022-2023 гады.
У паведамленні паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі асобныя цягнікі, якія курсіруюць, у тым ліку і ў рэжыме няспыннага руху, будуць пераадольваць адлегласць да Магілёва за 2 гадзіны 43 хвіліны, Гомеля — 2 гадзіны 50 хвілін, Брэста і Віцебска — 3 гадзіны, Гродна — 3 гадзіны 52 хвіліны.
Для забеспячэння перавозкі пасажыраў па перадвыхадных, выхадных і святочных днях у графіку руху прадугледжаны дадатковыя цягнікі, якія будуць курсіраваць па найбольш папулярных у пасажыраў маршрутах, у тым ліку і за межы краіны.
ВЕЛАСІПЕДЫ — У СПЕЦЫЯЛЬНУЮ БАЗУ
З 1 снежня ўсе веласіпеды, якія прадаюцца ў Беларусі, адслежваюцца, іх заносяць у спецыяльную базу. Новаўвядзенне датычыцца як завезеных у краіну веласіпедаў, так і вырабленых на нашай тэрыторыі.
У сувязі з гэтым прадаўцы павінны да 1 красавіка 2023 года прадаставіць у падатковую інспекцыю звесткі аб астатках тавару па стане на 1 снежня.
КАНІКУЛЫ
У канцы снежня школьнікі Беларусі традыцыйна ідуць на навагоднія канікулы. У бягучым годзе яны стартуюць 25 снежня, а фінішуюць 8 студзеня (нядзеля — апошні дзень).
Дарослым пашанцавала крыху менш. Каталіцкае Раство (25 снежня) — ён жа выхадны дзень для ўсіх — сёлета прыпадае на нядзелю. Таму доўгачаканы адпачынак для працуючай большасці пачнецца ў суботу, 31 снежня, і працягнецца па 2 студзеня ўключна.
