На галоўнае абласное навагодняе свята запрашэнні атрымалі больш за 1300 дзяцей Гомельшчыны, у тым ліку 10 дзяцей з устаноў адукацыі Лоева.
Губернатарская ёлка па добрай традыцыі адбылася ў абласным цырку. Тут сабраліся пераможцы міжнародных, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці з асаблівасцямі фізічнага развіцця, дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных, прыёмных сем’яў, дзеці-сіроты. Святочную атмасферу яшчэ да пачатку ўрачыстасці стваралі тэматычныя выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі, цікавыя фотазоны, майстар-класы і казачныя героі.
Шчырыя віншаванні адрасаваў рабятам старшыня аблвыканкама Іван Крупко. У гэты дзень з рук губернатара памятныя падарункі атрымалі дзесяць навучэнцаў, якія дасягнулі значных перамог у рэспубліканскіх і абласных інтэлектуальных і творчых конкурсах. Заключным акордам свята стала яркая праграма «Каралеўскі цырк» заслужанага артыста Расіі Гіі Эрадзэ. Абласное свята стала яшчэ адным мерапрыемствам на Гомельшчыне ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», якая праходзіць у Беларусі з 15 снежня 2022 года па 15 студзеня 2023 года.
