“Родная мова, быццам цэмент,
звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы
спосаб разумець адзін аднаго,
адной думкай жыць, адной долі шукаць”
Цётка.

На працягу 9 гадоў кожны народ адзначае 21 лютага Дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.
Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб раз у год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень, калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.
Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную «трасянку», або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.
Ангеліна Гаўрылькова, юны карэспандэнт “ЛК”.
