ПЕРШЫ СЕМІНАР ПРОЗЫ І ДРАМАТУРГІІ
У перадапошні дзень лютага ў на базе аддзела літаратуры па мастацтву абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна з даволі насычанай трохгадзіннай тэматычнай праграмай, з вялікай карысцю для тых, хто працуе са словам, прайшоў першы семінар прозы і драматургіі Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова”.
Хто такі сапраўдны пісьменнік? Чым ён адрозніваецца ад астатніх людей? Ці павінен ён быць мужным? З якімі перажываннямі сутыкаецца на працягу свайго творчага жыцця? Значную частку адказаў на гэтыя няпростыя пытанні ёсць у навеле вядомага рускага пісьменніка Юрыя Казакова “Пра мужнасць пісьменніка”, з абмеркавання якой і пачаўся творчы семінар.
Далей аналізавалася творчасць беларускага празаіка Уладзіміра Гаўрыловіча. У цэнтры ўвагі, найперш, былі раманы і аповесці, напісаныя ім у апошнія гады – “Палешукі”, Сэрца сваё не падманеш”, “Па веры вашай…”, “Святая Параскева”. Як адзначыў, прадстаўляючы свае творы аўтар, яго заўсёды цікавіць просты чалавек – беларус, з няпростай біяграфіяй і дакладнай жыццёвай пазіцыяй, які любіць сваю зямлю і на справе, а не на словах дбае пра сваю Айчыну.
На семінары заслуханы: рэцэнзія празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксея Сазанчука “Аўтарскае разуменне гістарычнай праўды ў зборніку прозы “Святая Параскева”; водгук аб творчасці пісьменніка У.Гаўрыловіча “Пра “цяжкае” шчасце і не толькі…”, дасланы ветэранам перагагічнай дзейнасці, дэпутатам Кіраўскага сельскага Савета Нараўлянскага раёна Барысам Рыгоравічам Гаўрылюком. А на думку лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядомага беларускага празаіка і літаратуразнаўцы Уладзіміра Саламахі (паведамленне “У гонар Маці”) Уладзімір Гаўрыловіч “…стварыў адзін з самых антываенных твораў апошняга часу ў нашай літаратуры” (“Святая Параскева”). І шмат выдатных іншых твораў пра беларусаў і іх жыццё ў розны час, у розных гістарычных абствавінах…”
Удзельнікі семінара канстатавалі, што творца – глыбокі аналітык падзей былых і сённяшніх. Пісьменніку ХХI cтагоддзя ўдалося стварыць шырокую панараму жыцця нашага народа ў розныя перыяды гісторыі. Героі твораў годна нясуць рысы беларускага характару, патрыёты сваёй зямлі, дзеля дакладнага паказу іх унутранага, псіхалагічнага стану літаратар па-майстэрску выкарыстоўвае багатыя моўныя вобразна-выяўленчыя сродкі. На думку выступоўцаў раманы, аповесці, павяданні пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча найлепшым чынам прывіваюць пачуццё патрыятызму і любові да роднай зямлі, вучаць чытача дабрыні, заклікаюць захоўваць мір, прапагандуюць стваральную працу, а не разбурэнне. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы драматург, рэжысёр-пастаноўшчык, артыст тэатра і кіно Аляксей Бычкоў адзначыў, што абмеркаваныя творы вядомага беларускага пісьменніка заслугоўваюць вылучэння на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне літаратуры. Такая прапанова была падтрымана ўдзельнікамі творчага форуму.
На семінары былі прадстаўлена і творчасць аматараў – членаў аднаго са старэйшых аматарскіх літаратурных аб’яднанняў “Пралеска”. З 2008 года яго ўзначальвае празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ева Дударга. У цэнтры ўвагі: відэапрэзентацыя трох альманахаў “Пралеска”, выдадзеных за апошнія 12 гадоў, і дзейнасць творчай суполкі па папулярызацыі чытання і кнігі ў Гомельскім раёне. Як адзначалася, ЛІТа “Пралеска” у 2019 годзе стала пераможцам міжнароднага агляду аматарскіх аб’яднанняў Беларусі, Расіі і Украіны (праводзіўся на базе санаторыя “Машынабудаўнік” абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі).
Шырокі, змястоўны аналіз змешчаных мастацкіх твораў ў мясцовым альманаху “Пралеска” зрабіў кіраўнік семінара прозы Алег Ананнеў. На яго думку, значна ўзрасло майстэрства шэрагу аўтараў, з крытычным поглядам зрабіў іх разбор. Былі названы найбольш удалыя творы, змешчаныя ў апошнім альманаху за 2012 год. Таксама ён рэкамендаваў прыняць у Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” аўтараў, якія пішуць прозу і маюць сур’ёзныя публікацыі, – Вольгу Крачкову, Анастасію Лашкевіч, Наталлю Нікіціну, Вольгу Радзівонаву.
Намеснік кіраўніка абласнога літаб’яднання “Слова”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Шэмяткова выступіла з аналітычным паведамленнем пра надрукаваныя ў мясцовых альманахах кароткія апавяданні Галіны Гузянковай, Наталлі Нікіцінай і Ульяны Міхальцовай. Паводле зробленых ёю вывадаў, аўтары паказваюць неблагі ўзровень пісьма, разумеюць, што вялікую ролю ў стварэнні вобразаў павінны выконваць моўныя вобразна-выяўленчыя сродкі. На жаль, не ў кожнага аўтара, а тым больш пачынаючага, гэта атрымліваецца. Так, у некаторых прапанаваных для разгляду тэкстах сустракаюцца русізмы, іншыя недакладнасці. На думку празаіка Міхася Слівы, той, хто бярэцца за прозу, павінен бачыць перад сабой будучага чытача, сказаць яму штосьці новае, цікавае, карыснае… Пасля дэталёвага абмеркавання твораў і прадстаўлення аўтараў удзельнікі семінара рэкамендавалі іх прыняць у абласное літаб’яднанне.
Семінар доўжыўся абмеркаваннем рамана “Выпрабаванне часам” лаўрэата 2023 года абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Жанны Сычовай у намінацыі “Адкрыццё года”. Галоўны вывад, зроблены паэтэсай, празаікам, публіцыстам Тамарай Кручэнка, якая грунтоўна прааналізавала раман і яго працяг, на Гомельшчыне з’явіўся яшчэ адзін глыбокі празаік, якому ёсць што сказаць пра наша няпростае жыццё. Разам з тым, прагучалі і карысныя парады празаіку (Аляксандр Атрушкевіч і інш.), на якія трэба звяртаць увагу творцу ў далейшым.
“Для мяне важна, – падкрэсліла далей ў адказ Жанна Сычова, – каб маральнасныя пазіцыі грамадства ў розных жыццёвых напрамках не зніжаліся, бо тады нас усіх чакаюць не толькі духоўна-традыцыйныя страты… Пра гэта пішу і буду пісаць.” Пасля абмеркавання твора практыкуючы ўрач Гомельскай абласной бальніцы была прынята ў Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” і рэкамендавана да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
У працы семінара прыняў удзел паэт і празаік, член Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр Марозаў, які падзяліўся тым, што яго хвалюе: 9 гадоў таму ён з сям’ёй вымушаны быў пакінуць горад Дэбальцава і ў Беларусі знайшоў сваю другую, любімую Радзіму…
Быў абраны і савет пастаянна дзеючага абласнога семінара (секцыі) прозы і драматургіі ў складзе Алега Ананнева, Евы Дударгі, Аляксея Бычкова, Аляксандра Атрушкевіча і Наталлі Нікіцінай.
Завяршыўся творчы семінар абмеркаваннем аналагічнага красавіцкага форуму: у цэнтры ўвагі тады будуць творы Ізяслава Катлярова, Васіля Дзямчыхіна і празаікаў-пачаткоўцаў. А вось наступны паэтычны семінар адбудзецца ў канцы сакавіка: на ім таксама будуць разглядацця новыя кнігі як прафесійных пісьменнікаў, так і пачаткоўцаў, ён будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня паэзіі.
НАША ДАВЕДКА
Сёлета пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” створана новае творчае фарміраванне – Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова”. Яно аб’ядноўвае як пісьменнікаў, якія працуюць на прафесійнай аснове, так і аўтараў-пачаткоўцаў, аматараў мастацкай творчасці і функцыянуе праз тры творчыя накірункі. Гэта: Школа міру, мужнасці і патрыятызму (слухачамі з’яўляюцца вучні сярэдніх школ, гімназій горада над Сожам; пазакласнае выхаваўча-патрыятычнае фарміраванне актыўна працуе з пачатку навучальнага 2022-2023 года); два пастаянна дзеючыя семінары: семінар паэзіі і перакладаў і семінар прозы, драматургіі і публіцыстыкі. Заняткі ў Школе міру, мужнасці і патрыятызму праходзяць два разы на месяц, а семінары, чаргуючы адзін аднаго, – штомесячна. У канцы студзеня адбыўся першы абласны семінар паэзіі і паэтычных перакладаў на базе Славянскай бібліятэкі-філіяла абласной універсальнай бібліятэкі.
НАША ДАВЕДКА
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – кіраўнік літаб’яднання “Слова” Уладзімір Гаўрыловіч, адкрываючы семінар прозы адзначыў, што галоўная задача сумесных творчых семінараў – аналіз і стымуляванне патэнцыялу аўтараў Гомельшчыны, абмеркаванне іх творчых набыткаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца апублікаваным творам, кнігам, публікацыям у мясцовых і рэспубліканскіх выдавецтвах, СМІ, перадача зацікаўленым аўтарам інфармацыі па тэорыі літаратуры, давядзенне бягучай інфармацыі па сучасным падзеям літаратурнага жыцця, а таксама падтрымка творчага патэнцыялу аўтараў-пачаткоўцаў праз публікацыі і сумесныя праекты. Прычым, наколькі створанае адпавядае літаратурным законам тэхнічна, тэматычна і якія добрыя пачуцці твор выклікае ў чытача – пра гэта найперш будуць рыхтавацца паведамленні на кожным з семінараў.
