Гэтае свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе і адзначалася ў другую нядзелю мая як Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Падчас штогадовага Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў лютым бягучага года Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі тры дзяржаўныя сімвалы, а свята прысвечана толькі двум з іх. «Той факт, што дзяржсімвалаў у нас тры — герб, сцяг і гімн, а дзяржаўнае свята прысвечана толькі двум, — напэўна, гэта няправільна. Трэба выправіць гэты недахоп», — сказаў кіраўнік Беларусі. Таму ў красавіку 2023 года ён выдаў Указ, які тычыцца гэтага свята. Аляксандр Лукашэнка ўнёс змены ў яго назву. Цяпер гэты дзень будзе прысвечаны ўсім тром дзяржаўным сімвалам. Новае свята называецца «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь».
