На днях наш зямляк Аляксандр Кукара адзначыць свой 85-гадовы юбілей. Гэтая дата ― нагода перагарнуць багатую на падзеі біяграфію паэта, які ўсё жыццё і творчасць прысвяціў Лоеўшчыне. І сёння ён апявае мілы сэрцу куток у сваіх натхнёных вершах.

Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч ў маляўнічай вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна, там, дзе Бярэзіна ўпадае ў Дняпро, ў простай сялянскай сям’і, дзе, акрамя Шуры, падрастала яшчэ сямёра сясцёр і братоў. Яго бацькі працавалі ў калгасе: на полі, на сенажаці, таку.
― Маці, Ірына Аляксанд-раўна, умела хутка жаць. Калі жанчынам быў даведзены план апрацаваць восем сотак, дык яна за дзень зжынала 24–27. Бацька, Уладзімір Панцялеевіч, добра касіў. За год патрэбна было выканаць каля 300 працадзён, а ў яго налічвалася каля пяцісот, а то і больш, ― успамінае Аляксандр Уладзіміравіч.
Акрамя гэтага, бацькі трымалі невялікую гаспадарку. З маленства яны прывучалі дзяцей да працы. Жыцце ішло сваёй чаргой, люді будавалі планы на будучае. Аднак, як гром сярод яснага неба прыйшла навіна аб вайне. Бацька адправіўся на фронт. Цяжкія выпрабаванні выпалі на яго долю: ён трапіў у акружэнне, быў у палоне, прайшоў праз фашысцкія канцлагеры, але, нягледзячы на ўсё, выжыў і вярнуўся дадому. Памятае хлапчук, як даводзілася ім хавацца ад фашыстаў у хмызняку, а месцпмі начлегаў служылі бліндажы і зямлянкі. На ўсё жыцце ў памяці Аляксандра застаўся дзень, калі спальвалі іх родную вёску. Жудаснае відовішча: яркае зарава ахапіла хаты, на месцы якіх засталося толькі папялішча. Узгадвае Аляксандр Уладзіміравіч, што непадалеку ад іх вескі базіраваўся партызанскі атрад. Многія жанчыны з іх сяла пяклі для абаронцаў хлеб.
― Памятаю, як мая маці пад вечар збірала вялікі клунак, а мне давала меншую торбачку, буханкі дзве-тры. Разам мы ішлі па лесе да дамоўленага месца, дзе нас хтосьці сустракаў, ― расказвае Аляксандр Кукара.
Калі скончылася вайна А. Кукара пайшоў у школу, якая размяшчалася ў адной з уцалелых хат. Вучыўся ён старанна, імкнуўся да пазнання новага. Вельмі любіў чытаць творы, якія браў у мясцовай хаце-чытальні. За гэтым заняткам хлопчык праводзіў ні адну гадзіну. Больш за ўсё цікавіўся матэматыкай і фізікай, нават думаў атрымаць тэхнічную спецыяльнасць. Аднак юнак пераасэнсаваў свае жаданні і падаў дакументы ў Рэчыцкае педвучылішча. У час вучобы Аляксандр Уладзіміравіч спрабаваў пісаць вершы. Быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці: спяваў у хоры, граў у аркестры народных інструментаў. Мог без цяжкасцей падбірать на слых любую мелодыю. Пасля атрымання дыплома малады педагог паехаў працаваць на малую радзіму вядомага беларускага паэта Алеся Лойкі, у вёску Лешна Зельвенскага раёна. Там ён напісаў паэму «Вяселле ў калгасе». Урывак з гэтага твора быў надрукаваны ў мясцовай газеце. Але на Гродзеншчыне настаўнік затрымаўся нядоўга. Праз тры месяцы яго прызвалі ў армію. Служыў А. Кукара ў Калінінградзе на ваенна-марскім флоце ў ваенна-будаўнічым атрадзе. Згадвае наш зямляк, як разам з агітбрыгадай яны наведвалі воінскія часці, дзе выступалі з творчымі нумарамі. Пасля звальнення ў запас, мой суразмоўца выдатна вытрымаў уступныя экзамены і стаў студэнтам Мінскага педінстытута ім. М. Горкага (цяпер — педуніверсітэт імя М. Танка). Вучыўся ён на літаратурна-музычным аддзяленні філалагічнага факультэта. Займаўся ў літаратурным аб’яднанні пад кіраўніцтвам доктара навук, прафесара Міхаіла Лазарука. Члены гуртка выступалі на літаратурных сустрэчах, на радыё, друкаваліся ў сталічных і рэспубліканскіх газетах. Менавіта тады мужчына стаў больш сур’ёзна займацца вершаскладаннем. На канікулах А. Кукара час не бавіў, а ўсе лета працаваў: то ездзіў на цаліну ў складзе студэнцкага атрада, то падрабляў важатым або выхавацелем у піянерскіх лагерах. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы Аляксандр Уладзіміравіч накіраваўся ў Маладушскую сярэднюю школу Рэчыцкага раёна. Пасля ён пераехаў ў Лоеў, дзе працаваў у педвучылішчы.
Педагагічнай дзейнасці наш зямляк прысвяціў больш за сорак гадоў свайго прафесійнага шляху. Працуючы выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, ён асабліва вызначаў тых, хто шчыра любіў паэтычныя радкі, імкнуўся да вяршынь прыгожага пісьменства. Пад яго пачаткам у педвучылішчы дзейнічаў гурток пад сімвалічнай назвай «Узлёт». Вершы навучэнцаў друкаваліся ў раённай газете, іх творчасці нават прысвячалі цэлыя літаратурныя старонкі. Шмат гадоў займаўся А. Кукара краязнаўствам, збіраў матэрыялы пра гераічнае мінулае Лоеўшчыны. Разам са студэнтамі ён вёў перапіску з удзельнікамі вызвалення роднага краю, арганізоўваў сустрэчы з ветэранамі вайны і воінамі-афганцамі. Ім быў створаны музей “Спадчына”. Аляксандр Кукара цесна супрацоўнічае з цэнтральнай раённай бібліятэкай, дзе створаны клуб аматараў паэзіі «Звучащее слово». Сёння гэта сапраўднае таварыства мясцовых літаратараў, якое дзейнічае на працягу 40 гадоў. Нязменным яго кіраўніком з’яўляецца мой суразмоўца.
Пяру нашага земляка належаць такія паэтычныя зборнікі, як “Жаўруковая песня” (2002 г.), “Пад зорным небам” (2007 г.), “Ведае сэрца” (2010 г.), “Над Лоевай гарой” (2013 г.), “Верасовае полымя” (2014 г.), “Зямное прыцягненне” (2016 г.). Як паэт ён многа друкаваўся ў газетах “Лоеўскі край”, “Гомельская праўда”, “Настаўніцкая газета”, часопісе “Маладосць”, “Дзень паэзіі” і “Літаратура і мастацтва”. У планах ― выданне біяграфічнага зборніка пра знакамітых людзей і заслужаных працаўнікоў Лоеўшчыны.
Скарбонка дасягненняў Аляксандра Кукары вельмі значная. Тут і ганаровыя граматы Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР і БССР, медалі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, “Ветэран працы”. Акрамя гэтага ён з’яўляецца выдатнікам народнай асветы, узнагароджаны граматамі Савецкага камітэта ветэранаў вайны. Ён мае званне “Лепшы па прафесіі”, а яшчэ яго імя было занесена на раённую Дошку гонару.
Зараз Аляксандр Уладзі-міравіч на заслужаным адпачынку, але як і раней ён вядзе актыўны лад жыцця. Яго вершы ― гэта годная лепта ў паэзію роднага краю, дзе кожны радок ― прызнанне ў каханні роднай зямлі, вёсцы, людзям.
Напярэдадні юбілейнай даты жадаем Аляксандру Кукара моцнага здароўя, творчага натхнення і здзяйснення ўсіх задумак.
