85 ФАКТАЎ АБ РОДНАЙ ГОМЕЛЬШЧЫНЕ

Каменная дзяўчынка

Славутасцю вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёна з’яўляецца таямнічы цуда-камень. У народзе яго называюць «каменная дзяўчынка». Па форме ён нагадвае постаць чалавека. На ім добра вылучаюцца галава і плечы, а ў цэнтры праглядваецца нацельны крыжык. Як і калі ён з’явіўся ніхто не ведае, але з даўніх часоў існуе легенда аб яго паходжанні.

Аднойчы на Вялікдзень маці з дачкой збіралі ўраджай у полі. Набліжалася навальніца. Працаваць трэба было хутчэй, таму маці прыспяшала дзяўчынку, але тая села адпачыць, сказаўшы, што моцна стамілася. Маці раззлавалася, і неўтрымаўшы гнеў, пажадала дзіцяці стаць мураванай. У тую ж хвіліну пацямнела, грымнуў гром і з усіх бакоў запалыхалі маланкі. Калі неба праяснілася, то замест дачкі жанчына ўбачыла камень, які нагадваў постаць чалавека.

У гэтай легендзе заключаецца глыбокі філасофскі сэнс: ніколі ў сэрцах не трэба казаць таго, пра што будзеш потым шкадаваць усё жыццё. Легенда засцерагае — матчына слова мае вельмі моцную магічную сілу.

Да гэтага часу жыхары вёскі Данілевічы лічаць гэты цудатворны камень абярэгам ад няшчасцяў і пакланяюцца яму, просяць у Бога і «каменнай дзяўчынкі» даравання грахоў. У нядзелю, на Вялікдзень, да яе прыносяць пачастункі: фарбаваныя яйкі, кулічы, прысмакі і новыя ахвяры: хустачкі, стужкі, фартушкі і грошы.

 

Сядзіба Рудня-Шульцаў

Знаходзіцца яна ў пасёлку Перша-майскі, што на Веткаўшчыне ў зоне абавязковага адсялення ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС.

Пра гісторыю будынка амаль нічога невядома. Не захавалася ніводнага фотаздымка сядзібы, зробленага да яе разбурэння. Немагчыма нават дакладна назваць імёнаў яе ўладальнікаў. Больш-менш устаноўлена, што сядзіба была пабудавана ў XIX стагоддзі. У выданні «Гандлёва-прамысловы свет Расіі» 1915 г. згадваецца маёнтак Рэчкі, а яго гаспадар, стацкі саветнік Васіль Савіч Бачкоў, характарызуецца як прыхільнік распаўсюджвання агранамічных і рамесных ведаў сярод сялян. У апавяданнях былых жыхароў вёскі ўзгадваецца нейкі «пан Бычок», якога асобныя сяляне запомнілі як добрага памешчыка. Пасля падзей 1917 года звестак пра Бачкова няма. Пазней на тэрыторыі былой сядзібы функцыянаваў вінзавод, які быў  спецыяльна разбураны пры ліквідацыі вёскі.

Абодва помнікі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Instagram
VK
VK
OK