МАЛАДЫЯ ДУШОЙ І ПОЎНЫЯ АПТЫМІЗМУ

1 кастрычніка адзначаецца Дзень пажылых людзей. Залаты ўзрост не час для засмучэння, а пара для творчасці і перадачы вопыту маладому пакаленню. І пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца рэгіянальны фестываль творчасці людзей старэйшага пакалення ”Спадчына”, які сёлета прысвечаны Году міра і стварэння.  У чарговы раз ён прайшоў у Лоеве. Па традыцыі ўдзел у ім прымалі народныя калектывы пяці тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці: Брагінскага, Лоеўскага і трох раёнаў г. Гомеля — Чыгуначнага, Навабеліцкага і Цэнтральнага.

 

Удзельнікі мерапрыемства прадставілі ўвазе гасцей і журы выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў розных напрамках, якая размясцілася ў файе гарадскога цэнтра культуры. Гэта была адна з намінацый  “Чым багата мая душа”. Канкурсантам трэба было прадэманстраваць сваё майстэрства, прэзентаваць вопыт. Паверце, паглядзець тут было на што. Карціны, вышытыя стужкамі і крыжыкам, уражвалі прысутных сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю. Рушнікі і вырабы з бісера сведчылі пра тое, што народныя ўмельцы паважаюць традыцыі і звычаі сваіх продкаў і перадаюць іх маладому пакаленню праз тварэнні сваіх рук.

Пранікнёна, ад усяго сэрца выконваліся творчыя нумары ў намінацыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Першым на сцэну выйшаў жаночы вакальны ансамбль “Песні над Дняпром” з Брагінскага раёна. Дарэчы, гэты калектыў неаднаразова ўдзельнічаў у розных конкурсах, дзе займаў прызавыя месцы. Самадзейныя артысты выступілі з песняй “Камарынскі вальс”. А вось Надзея Васільеўна Жарабкова з Чыгуначнага раёна абласного цэнтра на суд журы прадставіла аўтарскі верш “Свята”. Вакальны гурт “Аўгуст”(Навабеліцкі раён) уразіў усіх прысутных музычна-літаратурнай кампазіцыяй “Малая радзіма”. Удзельнікі з Цэнтральнага раёну расказалі пра свой родны горад Гомель. Завяршаў конкурсную праграму калектыў нашага раёна, які прымае самы актыўны ўдзел у жыцці Лоеўшчыны і вобласці. Кожны яго ўдзельнік — кладзеж народнай творчасці. У вольны час яны збіраюцца, каб падараваць сваім землякам хвіліны творчага натхнення. І ў гэты раз са сцэны гучала песня “Лоеўскі край”, словы якой напісаў лаяўчанін Аляксандр Кукара, а музыку — Анатоль Івашка.

Ці то верш, ці музычная кампазіцыя — здавалася, што не галасы гучаць, а душа народа. Адным словам, пакаралі ўдзельнікі фестывалю сваёй любоўю да роднага мястэчка, дзе нарадзіліся і пражылі жыццё. Нягледзячы на ўзрост, удзельнікі фестывалю заўзята прытанцоўвалі, а вясёлыя прыпеўкі і меладычныя  замалёўкі сыпаліся адна за другой. Гледачы ў зале не скупіліся на бурныя апладысменты.

У намінацыі «Радзіма мая ў марах, у песнях, у словах» канкурсанты прадстаўлялі  лірычныя народныя і сучасныя эстрадныя песні пра родны кут, мір, сяброўства, каханне і непаўторную прыгажосць малой радзімы.

Канешне, вызначыць, хто быў лепшым, журы было нялёгка, бо таленту канкурсанты можна толькі пазайздросціць. Кожны калектыў выступіў годна. І ўсё ж першае месца было прысуджана гаспадарам мерапрыемства — народнаму ансамблю народнай песні «Жывіца» (Лоеўскі раён), другое падзялілі прадстаўнікі з Навабеліцкага і Цэнтральнага раёнаў г. Гомеля, трэцяе дасталася артыстам з Брагіна і ўдзельнікам з Чыгуначнага раёна.

Падчас узнагароджання канкурсантаў граматамі і памятнымі падарункамі члены журы адзначылі, што яны ў чарговы раз даказалі, што прадстаўнікі залатога ўзросту могуць быць маладымі душой, поўнымі аптымізму і жыццёвых сіл.

Instagram
VK
VK
OK