Наш 10000-ны нумар

Першы нумар раённай газеты, у той час яна называлася “Калгаснік”, выйшаў у свет 18 кастрычніка 1932 года. Сёння ж вы, паважаныя чытачы, трымаеце ў руках ужо 10-тысячны выпуск. На працягу 92 гадоў, што існуе раёнка, яе карэспандэнты пісалі пра лаяўчан і для іх. Мы прапануем вам вярнуцца ў мінулае, успомніць, якой яна была, якія тэмы ўздымаліся на яе старонках.

Як бы цяжка ні даводзілася селькорам і рабкорам, яны разумелі, што павінны зрабіць усё магчымае, каб праўдзіва паказваць жыццё вяскоўцаў, дасягненні першых сельгасартэляў, завода па вырабе фарбы і г.д., дапамагаць калгаснікам абменьвацца вопытам.

У 1938 годзе газета была перайменавана ў “Калгасную перамогу”. Змянілася назва, але прынцыпы працы журналістаў засталіся ранейшымі. Жыхары маглі прачытаць не толькі пра тых, хто ў раёне выйшаў на перадавыя пазіцыі ў жніве, але і пра тое, як праводзіцца тэлефанізацыя, колькі радыёкропак устаноўлена, як вядуцца работы па будаўніцтве млына, дзе змагаюцца нашы суайчыннікі, дапамагаючы Чырвонай арміі граміць ворагаў, і г.д., словам, газета заўсёды была на вастрыі жыцця лоеўчан.

У гады Вялікай Айчыннай вайны раёнка выдавалася падпольна і называлася “Наша перамога”. Агітатары і сувязныя партызанскіх атрадаў распаўсюджвалі яе сярод насельніцтва разам з партызанскімі лістоўкамі, у якіх не толькі гучаў заклік аб аказанні супраціўлення фашыстам, але і распавядалася аб становішчы на франтах краіны, аб дзеяннях партызан, аб тым, якія страты нясуць немцы.

Пасля вызваленне Лоеўшчыны ад карычневай чумы газета зноў аднавіла сваю працу па падтрымцы вяскоўцаў у аднаўленні з попелу і руін шматпакутнай краіны. У той час яна стала называцца “За камуністычную працу”, а затым “Серп і молат”. Яна змяняла сваё аблічча, назву, паліграфічнае афармленне, тэматыку публікацый. Школу прафесійнага майстэрства прайшлі ў ёй мноства журналістаў.

Сёння на старонках раёнкі  можна знайсці матэрыялы розных тэматык. Тут ёсць месца артыкулам  пра аграпрамысловы комплекс, людзей, якія штодзённай працай павышаюць дабрабыт краіны, сацыяльнай сферы, будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі, забеспячэння бяспекі грамадзян і г.д. Рэгулярна асвятляюцца рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў, публікуюцца замалёўкі аб прыродзе і прыгажосці роднага краю.

Не застаецца без увагі і прававая асвета грамадзян: даюцца тлумачэнні па пытаннях змянення заканадаўства. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з падатковай інспекцыяй, жыллёва-камунальнай гаспадаркай, натарыяльнай канторай і інш. Кіруючыя асобы, а таксама супрацоўнікі дадзеных структур даюць тлумачэнні па тых ці іншых прававых тэмах.

Актыўна вядзецца прапаганда здаровага ладу жыцця ў спецыяльных рубрыках: “За здаровы лад жыцця”, “ На спартыўнай хвалі”,  “Фізкульт-ура”, “Парады доктара” і г. д.  Таксама журналісты аператыўна асвятляюць важныя для моладзі пытанні, для чаго ўведзены спецыяльныя рубрыкі: “Абітурыенту”, “Падлетак і закон”, “Школьны мерыдыян” і іншыя. На пастаяннай аснове работнікі рэдакцыі публікуюць праблемныя матэрыялы з інфармацыяй аб прынятых мерах. Такая праца дазваляе інфармаваць шырокую аудыторыю насельніцтва раёна, асабліва калі пытанні носяць не толькі асабісты характар.

2 лютага 2010 года друкаванае выданне атрымала новае пасведчанне аб рэгістрацыі . З гэтага дня яна стала называецца “Лоеўскі край”. У цяперашні час раёнка выходзіць адзін раз на тыдзень: па пятніцах у аб’ёме 16 палос фармату А-3.

Сення газета імкнецца быць сучаснай, выкарыстоўваючы тэхнічныя магчымасці, каб быць бліжэй да чытача і мець больш аператыўную зваротную сувязь. Мы асвойваем новыя тэхналогіі, пераймаем вопыт лепшых выданняў. У 2008 годзе ў раёнкі  з’явіўся ўласны сайт. Цяпер нас можна чытаць і ў сацыяльных сетках.

Instagram
VK
VK
OK