Заўсёды змагацца з хлуснёй і ашуканствам

Вайна бязлітасная да кожнага.

Васіль Быкаў

 У мінулым годзе мы, беларусы,  урачыста адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у гэтым — 80-годдзе  Вялікай Перамогі. У гарадах, пасёлках Бацькаўшчыны прайшлі незабыўныя мерапрыемствы, у навучальных і  культурных установах адбыліся адметныя праекты, выклікалі рэзананс змястоўныя  дыялогавыя пляцоўкі, адкрыліся новыя мемарыялы.  

Аднак  мяне, як грамадзяніна самай міралюбівай ў свеце краіны (міралюбнасці мы здольны навучыць многія нацыі), вельмі засмучае, што сёння ў свеце вандаламі руйнуцца помнікі былой вайны, робяцца шматлікія спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а ворагі імкнуцца адабраць у нас наогул саму  Перамогу.   Заморска-заакіянскія цётачкі ды дзядзечкі імкнуцца, прымусіўшы і так ужо асірацелую Украіну,  развязаць трэцюю сусветную… Я быў збянтэжаны, калі даведаўся, што Ангела Меркель зацягвала мінскія перамовы, каб Украіна лепш магла падрыхтавацца да вайны… Сёння Меркель аттрымлівае пенсію 14 тысяч еўра – відаць плата за хлусню!

 На планеце разгарнулася так званая гібрыдная вайна, актыўным прапагандыстам і памагатым якой, на жаль, стаў Яго вялікасць інтэрнэт, якім карыстаюцца амаль усе зямляне — і малыя, і старыя.  Тут пра гісторыю вайны штодня выліваецца безліч брудных памыяў, тут рэдка знойдзеш праўду, адны толькі фэйкі, хлусня ды ашуканства. Многае з апублікаванага  так і хочацца пазначыць: “Чытаць забаронена!”  А вось навіна з зусім апошняга: у псеўдадэмакратычнай Еўропе пачалі фарміравацца ваенізаваныя фарміраванні з ліку беглых беларусаў…

Добра ўсё ж, што нягледзячы ні на што з фэйкамі можна змагацца.  Сучаснікі праўду пра вайну могуць чэрпаць з іншых друкаваных, вывераных, адрэдактаваных крыніц, якіх за дзесяцігоддзі СССР было выдадзена вельмі многа. І інтэрнэт тады не шкодзіў! Беларускія, расійскія выдавецтвы выдалі шмат мастацкай, мемуарнай, дакументальнай літаратуры пра вайну. І сёння яна, як і раней,  чакае сваіх чытачоў у бібліятэках. Многія храмы кнігі проста стаміліся без разумных, мудрых чытачоў-наведвальнікаў.

Нельга адразу не сказаць пра надзвычай святыя для мяне хронікі-энцыклапедыі “Памяць” раёнаў і гарадоў Беларусі. Дрэнна толькі, што моладзь пра гэтыя 150 кніг амаль нічога не ведае. А яны рупліва выдаваліся з 1985 па 2015 гады. Сама ідэя выдання належала Пятру Машэраву і Алесю Петрашкевічу.  Летапіс гэты быў распачаты гісторыяй Шумілінскага раёна ў 1985 годзе.

Вельмі добра, што цэнтральнае месца ў кнігах “Памяці” было адведзена Вялікай Айчыннай.  Каштоўна, што тут змешчаны спісы воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага руху, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю.

Менавіта са старонак гэтых кніг-рэквіумаў пакаленні, якія нарадзіліся ў апошнія дзесяцігоддзі, могуць даведацца пра подзвіг савецкіх салдат, мужнасць працаўнікоў тылу, усяго савецкага народа і пераняць эстафету памяці, стойкасці і гераізму продкаў, іх сапраўднай любові да сваёй Айчыны.

 Я перакананы, што з кожным новым радочкам  новай  прачытанай патрыятычнай  кнігі перад вамі  адкрыюцца  змястоўныя  старонкі   подзвігу.  Павінна нягледзячы ні на што  жыць памяць у сэрцах удзячных  нашчадкаў.  Нязгаснае  святло Перамогі  павінна штодзённа   асвятляць дабром і святасцю нашы душы. Абуджаць да новых чыстых спраў на карысць Айчыны! Як казаў Васіль Быкаў: “Порахам чалавека не выхаваеш”,  яго можна выхаваць добрай, праўдзівай літаратурай.

 Цэлая кагорта пісьменнікаў на сабе зведала франтавыя дарогі. Яны змагаліся не толькі зброяй, але і палымяным словам. Гэта Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Мікола Ткачоў, Іван Шамякін, Іван Навуменка,  Іван Мележ, Васіль Быкаў, Леанід Гаўрылаў,  Мікола Грынчык, Міхась Даніленка, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Мікола Сурначоў, Алесь Адамовіч і інш. Яны прайшлі вайну самі, бачылі баі на свае вочы — і праўду здолелі захаваць для нашчадкаў.

“Вайна закрывае ўсе далягляды”, — сцвяржаў Іван Мележ. Таму я не буду абгрунтоўваць прычыны  скрупулёзнай увагі  айчыннага прыгожага пісьменства да ваеннай праблематыкі. Скажу больш: менавіта беларуская літаратура здолела  адкрыць свету найбольшую колькасць трагічных і гераічных старонак ваеннай гісторыі. А з вышыні свайго жыццёвага вопыту магу сцвярджаць, што вайна — вялікае сацыяльнае і матэрыяльнае зло!

І ў ХХІ стагоддзі ваенная тэма застаецца адной з самых запатрабаваных і актуальных. Яна дапамагае нам змагацца супраць фэйкаў у інтэрнэце — хапае тут і гуманнага, светлага. Мы даведваемся ад творцаў розных пакаленняў, што вайна бывае пераможная, маштабная, эпахальная, вайна народаў, франтоў, вайна партызанская. Нельга без хвалявання чытаць такія творы, як “Векапомныя дні” Міхася Лынькова, “Згуртаванасць” Міколы Ткачова, “Брэсцкая крэпасць” Кастуся Губарэвiча, “Канстанцiн Заслонаў” Аркадзя Маўзона, “Мiнскi напрамак” Iвана Мележа. Нельга не адзначыць  і стрыжнявое значэнне раманаў “Пошукі будучыні” і “Млечны шлях” Кузьмы Чорнага (вяршыннае дасягненне ваеннай прозы), якія дайшлі да чытача толькі пасля вайны.

Ваенныя летапісцы паказваюць нам  жорсткасць, бесчалавечнасць вайны, пакуты чалавека, бязлітасныя   карцiны вынiшчэння ўсяго жывога на зямлi, вытручвання з душ аптымістычных  пачуццяў. Пісьменнікі “ваеннага пакалення” не толькі перанеслі ў  творы ўласны  вопыт, але і дапамаглі ўбачыць  пагрозу, якую неслі ўсім  нацыям фашызм.

Па-новаму загучала ваенная тэма ў “франтавых” і “партызанскіх” аповесцях Васіля Быкава, якi адстойваў права гаварыць пра гераізм простага салдата, на плечы якога i лёг асноўны цяжар тых 1418 дзён і начэй. Аўтар скрупулёзна даследаваў  паводзіны салдата ў экстрэмальных умовах, магчымасці выбару і чалавечага духу. “Чалавек на вайне” — асноўны лейтматыў  Васіля Быкава: “Жураўлiны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Сотнікаў”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Знак бяды” і інш. Вайна і стала самым вялікім знакам бяды!

Нельга не прыгадаць і  ўспамiны выжыўшых ахвяр беларускiх хатыняў — “Я з вогненнай вёскi” Алеся Адамовiча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калеснiка і інш.

Сябры, давайце прачытаем упершыню ці перачытаем яшчэ раз бессмяротныя творы айчыннай класікі пра вайну! Вельмі хочацца, каб гэтыя творы былі  ва ўсіх школьных бібліятэках, на самых бачных месцах, каб палымяныя словы пра Вялікую Айчынную часцей перавыдаваліся, каб гэтыя творы абавязкова прысутнічалі ў сямейных бібліятэках. Актыўна  абмяркоўваліся ў навучальных установах.

Як бачым, у роднай прозе, паэзіі, драматургіі ваенная тэма надзвычай актуальная для аўтараў розных пакаленняў. Упэўнены: такія бессмяротныя творы абавязкова знойдуць мільёны новых чытачоў. Яны будуць дапамагаць ужо мірным пакаленням змагацца на гібрыдных войнах з рознага кшталту ворагамі, хлуснёй, ашуканствам…

Канстанцін Карнялюк.

Instagram
VK
VK
OK