З жыццёвых гісторый
Па дарозе ў кабінет кіраўніка Валерый Гаўрылавіч хваляваўся: “З чаго б гэта яго шукаюць? Ды яшчэ тэрмінова… Мо, не ўгадзіў чым?”. Гэтая ж думка мільганула і тады, калі ўбачыў твар дырэктара — раздражнёны і, у той жа час, рашучы…
— А-а-а… гэта ты, Гаўрылавіч, заходзь, сядай, — колкі позірк гаспадара кабінета прымусіў госця ажно галаву ў плечы ўціснуць.
— Здарылася, можа, што?
— Здарылася. Зноў твой былы сусед, Назар, набраўся, як свіння. Скандал учора з жонкай учыніў, дзеці з хаты паразбягаліся… Марыя вось заходзіла, прасіла пагаварыць з дэбашырам гэтым — жорстка пагаварыць, альбо, кажа, хату іншую давай, не можам мы з дзецьмі цярпець, слухаць кожны раз брыдоту розную… Так што даручэнне да цябе ёсць, Гаўрылавіч. Грамадскае…
— Даручэнне? Якое?
— Пагаварыць з ім трэба. Вось ты і пагаворыш. Ты ж у нас прафсаюзны бог — так што займіся Назарам дэталёва, правядзі выхаваўчую работу… Як след правядзі… Паміры ты іх бога радзі. Шкада жанчыну, дзяцей. Ды і… дзе я ім тую хату іншую вазьму? Сам ведаеш, чарга якая ў нас на жыллё.
— Дык я ж… Што я магу?
— Што “я ж…”, што “магу?” — незадаволена перакрывіў падначаленага дырэктар. — Ты іх былы сусед, брыгадзір, Назар на тваёй ферме працуе. Вось і паўплывай! Вечарам на нарадзе даложыш…
І Валерый Гаўрылавіч, хоць і без асаблівай ахвоты, а ўсё ж пайшоў выконваць чарговае грамадскае заданне. Па дарозе яго душу разрывалі сумненні. З аднаго боку, і сапраўды было шкада Марыю і дзяцей, хацелася дапамагчы, прынесці нейкую карысць людзям. А з іншага — не з рукі яму, брыгадзіру, было звязвацца са скандалістам-Назарам, нарывацца на абразы, без якіх, адчуваў, не абыйдзецца. Як тут быць? Ён не ведаў, а спытаць парады ў некага іншага яму не дазваляла прыроджаная ганарлівасць…
Праз некалькі хвілін Валерый Гаўрылавіч нізка схіліў галаву і ўвайшоў у цёмныя, нібы восеньская хмарная ноч, сенцы, грукнуў за сабой дзвярыма. У памяшканні пахла пракіслай тоўчанай бульбай, якую звычайна гатуюць свінням, і нечым яшчэ, ад чаго аж вочы заслязіліся. А між тым уваход у трохсценак ніяк не знаходзіўся. Валерый Гаўрылавіч усё настойлівей мацаў рукамі сцяну і ўсё, што каля яе стаяла, вісела, пакуль пальцы не натрапілі на нешта мяккае, нейкую поўсць — не то старую шапку, не то аўчыну. Ад нечаканасці брыгадзір нават уздрыгануўся, ледзь утрымаўся, каб не закрычаць. Затое “шапка” акзалася не з ганарлівых і дзіка заверашчала. “Цьфу ты, кот”, — здагадаўся Гаўрылавіч, і тут нарэшце намацаў клямку.
Гаспадар хаты, невысокі шчупленькі мужчына, драмаў на прасторнай печы. Пэўна, чэран быў занадта гарачым, бо за лічаныя хвіліны, пакуль госць намагаўся неяк звярнуць на сябе ўвагу, Назар некалькі разоў перавярнуўся, чапляючы нагой звязкі цыбулі, ад гэтага жэрдка, на якой яны віселі, ходарам хадзіла.
— А ну, злазь з печы! — нарэшце наважыўся падаць голас Валерый Гаўрылавіч. — Расказвай, што ты там учора натварыў!
— Ды ведаеш, Гаўрылавіч, так ужо выйшла… Не стрымаўся, — з неўласцівай яму лагоднасцю пачаў апраўдвацца Назар, спускаючыся да госця. — Выпіў у кума, а тут гэтая… язва наляцела, як варона.
— Язва… Варона… Ты словы падбірай, — насупіў бровы брыгадзір.
— Ды ты што, маладзіцу маю не ведаеш? У яе язык не язык, а мянташка. Востры, доўгі, нібы гадзючае джала.
— Гадзючае джала, — перадразніў Назара Валерый Гаўрылавіч. — Жанчына яна. Да таго ж відная, статная. Як толькі і адхапіў такую? Ты б ёй хоць слова прыемнае сказаў калі, ці кветкі падарыў, яны ж, як і дзеці, — радасць жыцця…
— Ну-у-у, гэтай радасці ў нас у кожным кутку, — кіўнуў гаспадар галавой у суседні пакой, дзе валтузіліся ўсе сямёра яго дзетак.
— Ну дык глядзі іх, жонку глядзі, а я пайду…, — палічыўшы сваю “місію” выкананай, Валерый Гаўрылавіч ужо павярнуўся да дзвярэй, але Назар схапіў яго за руку.
— Не-е-е, так справы не робяцца. Раз зайшоў пагаварыць, то давай яшчэ пагаворым — за сталом, як людзі. Гэй, Маня, на стол збяры, госці ў нас!— выгукнуў ён у адчыненае акно, і на парозе, выціраючы змакрэлы ад поту твар, паказалася Марыя.
Прывітаўшыся, яна паставіла перад мужам і госцем талеркі з салам і агуркамі, нарэзала хлеба.
— І бутэлечку нам дастань, — скамандаваў гаспадар. З’явілася і бутэлька. І гаворка за сталом пайшла крыху ў іншым напрамку — аб цэнах на спіртное, аб “забойнай сіле” гарэлкі, самагонкі і іншых напояў. Не заўважыў Валерый Гаўрылавіч, як і загасцяваўся, і “нагасцяваўся”. Ужо развітваючыся з гаспадарамі, настойліва папрасіў Назара:
— Ну, дык глядзі ж мне ўжо! Не пі! Парадак не парушай… Не падкачай!
— Дык трэба ж будзе неяк ужо старацца, Гаўрылавіч, — лагодна адазваўся Назар.
І ў той самы час яго дзеці, якія да гэтага гулялі ў суседнім пакоі, ледзь не збілі госця з ног. Яны знайшлі сабе забаву — прывязалі да ніткі хвосцік, які застаўся ад шкуркі зайца, і цягалі па падлозе, а малое кацяня бегала за імі, ад чаго малыя задаволена смяяліся і падвісквалі і не заўважылі, як наляцелі на дзядзьку.
— Ну малайцы, ну гарэзы, — засмяяўся той. І раптам звярнуў увагу на самую меншую дзяўчынку гадкоў двух (калі ён жыў тут па суседству, Марыя якраз цяжарная хадзіла). На фоне чорнагаловых, што баравічкі, і такіх жа па-цыганску чарнавокіх (яўна назаравай пароды) малых яна — з ільнянога колеру кучарашкамі і блакітна-шэрымі вачанятамі нагадвала маленькага анёла.
— Назар, а ты ўпэўнены, што гэта твая дачка? Нешта не вельмі ў цябе яна выглядам, — нібы сам з сабою размаўляючы, прамямліў госць…
— Дзе ты, Маня?! Чуеш, чалавек пытае, ці наша гэта дзіця?..
У адказ з пярэдняй хаты панесліся такія “пераканаўчыя” довады, што нават Назар, звыклы сварыцца з жонкай, уціснуў галаву ў плечы. Што тут казаць пра Валерыя Гаўрылавіча? Сагнуўшыся і баючыся азірнуцца ў той бок, адкуль неслася лаянка, ён хуценька шмыгнуў у дзверы і подбегам (які ўжо там гонар!) пабег па двары. Увесь гэты час і пакуль нёсся паўз адчыненыя вокны назаравай хаты ён чуў, а разам з ім і ўся вуліца, як там усё грымела і грукатала.
“Вось табе і “паўплываў”, правёў “прафілактычную работу, — думаў сам сабе брыгадзір. — Цяпер усё, бліжэйшыя дні лепш не трапляць на вочы ні Марыі, ні дырэктару”.
Мікола МЕЛЬНІЧЭНКА, ветэран журналістыкі.
