Ураджай-2012
КСУП “Бывалькі” — адна з гаспадарак Лоеўшчыны, хлебаробы якіх у гэтыя дні аказаліся найбліжэй да фінішу ўборачнай кампаніі. 1053 га (89 працэнтаў плошчаў, занятых зерневымі і зернебабовымі) тут ужо ўбраны. У прыватнасці, поўнасцю абмалочаны азімае жыта, рапс, пшаніца. На корані ў гаспадарцы (на раніцу пятніцы, 31 ліпеня) заставалася 135 га хлеба — у тым ліку частка трыцікале, ячменю, аўсу, гароху.
— Абы надвор’е сонечнае пратрымалася яшчэ, і да канца гэтага тыдня павінны завяршыць жніво, — запэўнівае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Фалевіч.
Па словах спецыяліста, з тым запалам, з якім узяліся за справу мясцовыя хлебаробы, задача гэтая цалкам пасільная. Сёлета на ўборачнай у КСУП “Бывалькі” задзейнічаны чатыры камбайны. На трох працуюць сямейныя экіпажы — Давыдоўскія, Фядотавы, Машкоўскія. На чацвёртым убіраюць хлеб Сяргей Ларчанка і Міхаіл Бабак.
На пытанне аб тым, хто з экіпажаў змог дабіцца больш высокіх вынікаў, А. Фалевіч адказаў лаканічна:
— Паверце, стараюцца ўсе. І патлумачыў: — Вынікі адрозніваюцца не намнога, і залежыць гэта зусім не ад таго, што хтосьці з камбайнераў працуе больш сумленна, а хтосьці менш. Сказваецца і тэхнічны стан камбайнаў, і іншыя тэхналагічныя тонкасці. У бацькі і сына Аляксандраў Давыдоўскіх, напрыклад, з 295,5 га намалот склаў 623,6 т, у Міхаіла і Дзмітрыя Дзмітрыевіча Фядотавых — 600 т з 284 га, у Сяргея Ларчанкі і Міхаіла Бабака — 558 т з 264 га, у Уладзіміра і Ігара Машкоўскіх — 443 т з 210 га.
Каб камбайны працавалі зладжана і без прастояў, адвозка збожжа таксама даверана людзям адказным і працавітым. Трактарам МТЗ-2022 з ПТС-6 гэтую работу выконвае механізатар Ігар Кавалёў (перавёз 749 т), на аўтамашынах “МАЗ-555-142” — вадзіцелі Аляксандр Гаўрык (697 т) і Фёдар Прышчэпаў (481 т). На дапрацоўцы намалочанага заняты Юрый Выгляд, Віктар Янцан, Павел Дзядзенка, Міхаіл Грышкевіч — яны, дарэчы, комплексам М-819 дапрацавалі 1632 т зерня.
У рахунак дзяржавы гаспадарцы неабходна паставіць 490 т жыта (план выкананы поўнасцю), 55 т пшаніцы (таксама вывезлі ў поўным аб’ёме), засталося даставіць 25 т аўсу (пасля ўборкі гэтай культуры).
Яшчэ не завяршылася жніво, а ў гаспадарцы ўжо думаюць пра тое, дзе будуць сеяць азімыя пад ураджай наступнага года. На прасаванні саломы працуюць Сяргей Сініла і Аляксандр Дзядзенка, на пагрузцы рулонаў — Ігар Пазняк. Грузіць і звозіць давядзецца шмат — і сена, і саломы, таму як толькі завершыцца ўборка зерневых, гэтыя работы актывізуюцца.
Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКІ, “ЛК”.
