КСУП «Зара»
Жніво — нягледзячы на ўсе складанасці і тое напружанне, якое нязменна суправаджае гэтую сельскагаспадарчую кампанію, яна ўсё роўна застаецца для хлебаробаў доўгачаканай і радаснай. Так, папрацаваць у гэты перыяд даводзіцца шмат — з раніцы і ледзь не да ночы гудуць камбайны ў полі. І тым не менш, у кожнага ўдзельніка ўборачнай ёсць магчымасць не толькі нядрэнна зарабіць, а і падлічыць вынікі ўсіх намаганняў, якія былі прыкладзены для таго, каб вырасціць гэты ўраджай.
Хлебаробаў КСУП “Зара” яны пакуль што радуюць. Збожжа налілося лепшае, чым летась. Убіраць ёсць што. І цяпер людзі імкнуцца выканаць гэтыя работы як мага хутчэй і, у той жа час, якасна.
— Сёлета нам неабходна ўбраць 1050 га зерневых культур, — расказвае кіраўнік гаспадаркі Даір Куліеў. — У прыватнасці, жыта — 584 га, ячменю — 175 га, пшаніцы — 49 га, трыцікале — 67 га, аўсу — 87 га, зернебабовых — 88 га. Работы гэтыя выконваюць у нас чатыры экіпажы: Аляксей Котаў і Аляксандр Мельнікаў, Андрэй Дашук і Мікалай Шумігай, Мікалай Кацуба і Васіль Прышчэп, Віктар Прышчэп і Уладзімір Гудкоўскі. На адвозцы намалочанага ад камбайнаў часцей за ўсё задзейнічаны Дзмітрый Сафронаў, Андрэй Гаўрыленка і Сяргей Буднік. Але калі некага з іх даводзіцца адпраўляць у іншыя рэйсы, то на змену ім прыходзяць і іншыя вадзіцелі і механізатары.
Да гэтага часу мясцовыя хлебаробы ўбіралі жыта — з 332 га намалацілі 712,9 т. А ў дзень нашага наведвання гаспадаркі якраз пераехалі на поле з ячменем (па стану на 27 ліпеня са 100 га яго атрымалі 183,7 т). Адзін з камбайнераў, Аляксей Котаў, якраз камандаваў “парадам” — як станавіцца машынам, адкуль пачынаць, дзе разварочваць тэхніку.
— А хто лепш за яго разбярэцца?! — усміхаецца галоўны аграном КСУП “Зара” Васіль Шэўчык. — Ён жа і засяваў гэтае поле. Тут вось — нашым насеннем “Сябра”, а там, далей — піваварным гатункам “Себасцьян”.
Увогуле работай механізатараў спецыяліст задаволены. Працуюць яны сумленна, нікога не трэба ні падганяць, ні лішні раз кантраляваць. На маё пытанне, да якога часу затрымліваюцца камбайны ў полі вечарам, Васіль Фёдаравіч засмяяўся:
— Ды яны, каб не выганяў, і да раніцы, мабыць, працавалі б.
І верылася — гэта не пустыя словы. Гледзячы на тое, з якой спрытнасцю экіпажы выводзілі свае камбайны ў поле, як акуратна выстройваліся адзін за адным, каб не прапусціць ніводнага лапіка ячменю, можна было ўпэўніцца: кожнае вырашчанае зярнятка для іх сапраўды на вагу золата. Вось і стараюцца людзі ўбраць вырашчанае як мага акуратней, без страт.
Ад камбайнаў збожжа дастаўляецца на перапрацоўку. Спачатку яго дасушваюць на новым комплексе ЗСК-15, а затым на старым КЗС-10 ачышчаюць і дапрацоўваюць. Толькі пасля гэтага зерне адгружаецца для дастаўкі на КХП (у дзень нашага прыезду пагрузку выконваў Аляксандр Краўчанка). Новы ЗСК у гаспадарцы абслугоўваюць Сяргей Шынкарэнка, Аляксандр Ляухін і Валерый Зубаха, стары комплекс — Рыгор Аліфераў і Іван Кацуба.
У лік дзяржзаказу гаспадарцы патрэбна было здаць 410 т жыта і 35 т пшаніцы. Жыта здалі нават больш — 415 т, а вось пшаніцу пакуль не абмалочвалі. Дастаўка збожжа ажыццяўляецца як сваімі сіламі (неаднаразова ў гэтыя рэйсы адпраўляўся Андрэй Гаўрыленка), так і цэнтравывазам. А вось рапс дастаўлялі самі. Яго са 180 га ў гаспадарцы намалацілі 247 т. Убіралі культуру Андрэй Дашук і Аляксей Котаў.
Размаўляючы з механізатарамі, мы, у першую чаргу, цікавіліся тым, ці задаволены яны ўмовамі, створанымі кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадаркі для эфектыўнай работы на ўборцы ўраджаю. Адзінае, на што паскардзіліся людзі, — гэта адсутнасць аптэчак, іх камбайнерам так і не выдалі. А вось якасцю абедаў і полудняў былі цалкам задаволены і механізатары, і работнікі зернесушыльных комплексаў.
— Добра нас кормяць, смачна і сытна. Стараецца наш повар, ледзь не на заказ гатуе, — нахвальвалі людзі Наталлю Зубаху. І прыемна было і за гэтага чалавека, і за тое, што людзі цэняць яе ўклад у агульную справу.
Дарэчы, у гэты ж дзень мы засталі ў гаспадарцы і яшчэ адзін калектыў, які ніколі не застаецца ў баку ад хлебаробскіх клопатаў, — работнікаў аўтаклуба раённага дома культуры Ганну Мельнік і Пятра Бондара. Віншаванні, найлепшыя пажаданні і цудоўныя песні яны дарылі працаўнікам поля і зернетока. Свае паездкі самадзейныя артысты падстройваюць якраз пад абед, каб не адрываць людзей ад працы. Вось і тут, выступаючы з невялікім канцэртам, яны ўжо планавалі рэйд на наступны дзень.
У адрозненне ад некаторых іншых гаспадарак, у “Зары” клопаты аб уборцы збожжавых ні на дзень не спынілі работы па нарыхтоўцы кармоў. Праўда, падчас нашага прыезду камбайн Мікалая Ціханенкі быў на мехмайстэрні:
— Пераабсталюю яго для ўборкі кукурузы на зялёную масу, — растлумачыў механізатар. — Траву ўжо ўсю скасілі. Другім укосам. Цяпер чарга за кукурузай.
Менавіта ён, Мікалай Ціханенка, і займаўся нарыхтоўкай зялёнай масы на сянаж (гэтага корму ў гаспадарцы назапасілі ўжо 3398 т). Касьба траў — справа рук Мікалая Сафронава, прасаванне даверана Уладзіміру Юрчанку (сена ў “Зары” маюць 745 т), трамбоўка ёмістасцей — Аляксандру Прышчэпу. На камбайне КЗР працуе і Аляксандр Шэйкута. Ён і траву ў валкі касіў, і падкормку жывёле пастаянна рыхтуе, калі не паспявалі, то і сянажныя ёмістасці запаўняць дапамагаў. Працуюць усе на сумленне, тым больш што аператыўнае выкананне гэтай работы (закладка ямы за 4-6 дзён) — гэта яшчэ і дадатковае прэміраванне. А магчымасць зарабіць намагаецца выкарыстаць кожны.
Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКІ, “ЛК”.
