ЖЫВЕ НАША ПЕСНЯ СПРАДВЕЧНАЯ…

“…Пазіраю ў далеч лясоў,

Углядаюся ў кожны лісток.

Мне чуваць ціхі шэпт каласоў

Ды крёў любых тых галасок…”

Менавіта гэтыя радкі і з’явіліся ў мяне падчас прыезду ў невялічкую вёску Лутава. Бо ўражваюць гэтыя мясціны не толькі сваёй навакольнай прыгажосцю, а і шчырымі, працавітымі людьмі, якія жывуць тут, клапоцяцца аб дабрабыце свайго роднага куточка, старанна захоўваюць тое, што засталося ім ад продкаў — сваю спадчыну — неўміруючую скарбніцу нашай нацыянальнай культуры… Увогуле людзей, неабыякавых да гістарычнага мінулага свайго роднага краю, якія не толькі берагуць тое, што ёсць, а і ўзбагачаюць фонды народнага мастацтва, шмат. Але ёсць сярод іх своеасаблівыя дыяманты — адмысловыя, не падобныя на іншых. Як і народны калектыў “Лутава”, добра вядомы не толькі на Лоеўшчыне, а і далёка за яе межамі. Ад іх песень, здаецца, спявае сама прырода. Кожнае слова на-дзелена нейкай незвычайнай сілай. Ад таго і сэрца б’ецца ўсё гучней і гучней, і подых нібы замірае.

Нават моладзь можа пазайздросціць аптымізму гэтых жанчын, хаця усім ім ужо больш як па семдзесят год. Нягледзячы на шаноўны ўзрост ды здароўе, якое ўсё часцей нагадвае пра сябе, удзельніцы калектыву па-ранейшаму знаходзяць час і магчымасць для любімага занятку. У невялікім памяшканні Лутаўскай сельскай бібліятэкі развучваюць новыя песні, нешта прыдумваюць і дадаюць. Бо жывуць яны ўсе адным — роднай песняй.

Як у кожнага дрэўца ёсць свае карані, так і ў гэтага цудоўнага калектыву ёсць свая гісторыя стварэння… Спявалі, як вядома, раней усе. Матывы песень гучалі і ў святы, і падчас штодзённай карпатлівай працы. Не раз чула, як прыгожа спяваюць даяркі з Глушца і кіраўнік самадзейнага калектыву з вёскі Старая Лутава Тамара Сяргееўна Шапавал. І ўжо тады ў яе з’явілася жаданне аб’яднаць таленты глушэцкіх і лутаўскіх спявачак. Дата 15 жніўня 1987 года і лічыцца днём нараджэння аб’яднанага калектыву — “Лутавы”. Такім саставам жанчыны выступалі не толькі на ферме, у полі, перад працаўнікамі свайго калгаса, а і на сцэне сваіх, вясковых, і іншых устаноў культуры, удзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню.

Гледзячы на спявачак, талентам якіх не перастаеш захапляцца ні на хвіліну, на іх добры настрой і запал, на вялікую любоў да вуснай народнай творчасці ўсё ж разумееш: сапраўды, звязвае жанчын многае, і ўсё ж на самай справе яны вельмі розныя, бо ў кожнай сваё жыццё, свой лёс, свая доля… І не расказаць крыху пра іх проста немагчыма.

Вось, напрыклад, ці ведала калі-небудзь Вера Адамаўна Рэвянок, што будзе яна спяваць у “Лутаве”? Ці ўяўляла хоць на імгненне, што закіне лёс яе ў гэтыя прыгожыя мясціны? Напэўна, не. Бо родам сама з Магілёўшчыны. У Лутаву была накіравана па размеркаванні як малады агарном, тут і замуж пайшла, і трох дзяцей выхавала. Шмат чым ёй давялося займацца: і справамі агранома, і каровак даіць. Пасля працавала на пошце, у бібліятэцы.

А вось астатнія ўдзельніцы калектыву: Тамара Сяргееўна Шапавал, Марыя Якаўлеўна Цыбульнік, Валянціна Фёдараўна Кошчанка, Таццяна Паўлаўна Хлебіна, Ганна Мацвееўна Чарнянок родам мясцовыя — з Сяўкоў, Лутавы і Глушца. Усё сваё жыццё прысвяцілі працы ў гаспадарцы. Вядома ж, у свой час кожная з гэтых жанчын жыла яшчэ і клопатамі пра сям’ю, дзяцей, шчыравала ў гаспадарцы — даілі кароў, даглядалі быкоў, працавалі ў паляводчай брыгадзе. А зараз, калі дзеці выраслі, раз’ехаліся, усе яны — як адна вялікая сям’я. На жаль няма ўжо сярод іх Марыі Іванаўны Кошчанкі і Таццяны Агееўны Чарнабай. Зусім нядаўна не стала і самай актыўнай расказчыцы — Вольгі Акімаўны Рэвянок, якая ведала мноства народных песень, што спяваюцца ў калетыве, бо таксама была карэннай лутаўчанкай.

— Мае самыя даражэнькія, любыя жанчынкі, — менавіта так, з любоў’ю і павагай, ставіцца да ўсіх ўдзельніц Тамара Сяргееўна Шапавал — кіраўнік калектыву. — Якія ў іх цудоўныя галасы.

Дарэчы, і сама яна не можа ўявіць жыццё без спеваў. Тонкае адчуванне народнай песні, беражлівыя адносіны да яе зместу і мелодыі зарадзіліся ў Тамары Сяргееўны яшчэ ў дзяцінстве. З самых ранніх гадоў яна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Хоць сама з Сяўкоў, але ж вёсачку, у якой зараз жыве і працуе загадчыцай мясцовай бібліятэкі, — Лутаву — любіць, як родную. І перажывае, — хоць бы не закрылі тут адзіны “астравок” культуры. Няхай будынак бібліятэкі і старэнькі, але ж такі дагледжаны, сюды прыходзяць і дзеці, і дарослыя, тут збіраюцца на рэпетыцыі артыстачкі Тамары Сяргееўны… Тут жыве душа іх калектыву — сярод гэтых кніг, прыгожых вышыванак, ручнікоў, сурвэтак. Нават невялікі музей беларускай хаты аформлены… У такой атмасферы і песні спяваюцца адмысловыя — спрадвечныя, многім не вядомыя…

У рэпертуары гэтага калектыву налічваецца больш як за сто песень, якімі ў свой час зацікавіліся нават самі “Песняры”. Яны прыязджалі ў вёску, каб падпітаць свой творчы запал гэтай самабытнай культурай, паслухаць сапраўдныя абрадавыя песні: калядныя, веснавыя, валачобныя, купальскія, русальныя і інш. Пра гэтую сустрэчу жанчыны ўзгадваюць з пачуццём гонару. І маюць на тое ўсе падставы. Без іх удзелу некалі не абыходзілася ні адно мерапрыемства, прысвечанае народным традыцыйным святам. І сёння жанчыны ахвотна прынялі б запрашэнне паўдзельнічаць у канцэртах, выступіць перад любой публікай. Вось толькі прапаноў такіх, чамусьці, становіцца ўсё менш. І найбольш частымі слухачамі гэтага калектыву з’яўляюцца аднавяскоўцы. У вёсках Сяўкі і Лутава жанчыны праводзілі валачобны абрад, у Глушцы — Купалле. Не застаецца без увагі і свята вёскі, на якім калектыў не толькі спявае прыгожыя прыпеўкі, песні — бясцэнны скарб, пакінуты ад матуль і бабуль, а яшчэ прываблівае слухачоў і цікавымі харэаграфічнымі элементамі, інсцэніроўкамі. Старанна зараз рыхтуюцца жанчыны і да наступнага свята, якое прымеркавана на 19 жніўня — Яблычнага Спасу.

У пакоі бібліятэкі мы адразу заўважылі вялікую колькасць грамат і іншых узнагарод, якія былі ўручаны калектыву за іх поспехі.

— Раней, — успамінаюць удзельніцы “Лутавы”, — дзе мы толькі ні былі.

І сапраўды, ездзілі шмат — і ў Брагінскі, і ў іншыя раёны Гомельшчыны. У 1994 годзе прымалі ўдзел у Першым міжраённым фестывалі фальклору ў Беларусі, які праходзіў у Пінску, дзе на высокім выканаўчым узроўні калектыў прадэманстраваў адзін з найлепшых сваіх танцаў — “Базар”. У 1998 годзе прадстаўлялі рэгіянальны фальклор Лоеўшчыны на рэспубліканскім фестывалі ў Гомелі, дзе сталі лаўрэатамі I ступені. Самая вялікая сцэна, на якой давялося пабываць калетыву, — мінская, у Палацы Рэспублікі. Менавіта там у 2005 годзе праходзіў фестываль “Беларусь — мая песня”, на якім лутаўскія спявачкі таксама атрымалі званне лаўрэатаў.

— Сам Дрынеўскі ўручаў нам дыплом, — шчыра ўсміхаючыся, дадала Тамара Сяргееўна.

Шмат разоў народны калектыў з’яўляўся на тэлеэкране — у праектах Гомельскага тэлебачання. Цікавіліся лутаўскімі артысткамі і навукоўцы, якія карпатліва збіраюць і захоўваюць беларускі фальклор.

На днях калектыў адсвяткаваў свой чарговы юбілей — дваццаціпяцігоддзе са дня ўтварэння. Хочацца ад усяго сэрца павіншаваць іх з гэтай датай. Шчыра кажучы, не хапае нават слоў выказаць тую падзяку, якую заслугоўваюць гэтыя добрыя, прыветлівыя, прыгожыя знешне і духоўна жанчыны — за ўклад у развіццё нашай культурнай спадчыны, за жыццё, прысвечанае цудоўнаму мастацтву. Дай вам Бог моцнага здароўя на доўгія гады! НА ЗДЫМКУ: самадзейныя артысткі народнага калектыву «Лутава».

Марыя БУХАВЕЦ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK