Усё жыццё ў гаспадарцы

Нарошчванне пагалоўя, а разам з тым — і валавой вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі даўно ўжо з’яўляецца адной з прыярытэтных задач, пастаўленых перад усімі сельгаспрадпрыемствамі нашага раёна. Але выконваючы яе, літаральна ўсе гаспадаркі сутыкнуліся з адной і той жа праблемай — куды размяшчаць маладняк? Задумаліся над гэтым пытаннем і спецыялісты ПУП “Бывалькі”. І рашэнне знайшлося.
 Наведаўшы не так даўно гэтую гаспадарку, мы заехалі на Бывалькаўскую малочнатаварную ферму. Мясцовых працаўнікоў засталі ў адным з некалі закінутых памяшканняў. Вось толькі на гэты раз яно не пуставала. Паветра было напоўнена пахам свежай драўніны, з якой тут змайстраваны і перагародкі, і кармушкі. У станках на шчодрай саламянай падсцілцы ажно падскоквалі цяляткі, вакол іх завіхаліся людзі: хтосьці бяліў сцены, выціраў вокны, хтосьці падграбаў рэшткі кармоў з прахода, развешваў хваёвыя лапкі. Работа кіпела, выгляд мяняўся проста на вачах — здавалася, людзі ўдыхнулі ў гэтыя старыя сцены новае жыццё.
— Памяшканне, вядома ж, не новае, але цяпер яно цалкам прыгоднае для выкарыстання, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Валянціна Васільеўна Рубан. — Да таго ж мы змаглі разгрузіць іншыя цялятнікі, вальней расставіць маладняк, раздзяліўшы асобна бычкоў і цялушак, забяспечыць больш спрыяльныя ўмовы для іх утрымання, а пры неабходнасці — і кармленне дыферэнцыраваць. Ды і людзям працаваць стала зручней. Так што і ў далейшым мы плануем таксама працягваць гэтую практыку. Тым больш, што рэканструкцыю гэтага памяшкання мы выканалі ўласнымі сіламі, і калі не лічыць час, затрачаны на нарыхтоўку неабходнага матэрыялу, то справіліся літаральна за два тыдні.
Працавалі тут спецыялісты ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс”, якія выканалі ўсе зварачныя работы, а таксама нашы механізатары: Фёдар Анатольевіч Прышчэп, Аляксандр Анатольевіч Андрыянец, Міхаіл Дзмітрыевіч Фядотаў, Аляксандр Пятровіч Давыдоўскі і іншыя, якія даволі хутка справіліся з усім астатнім аб’ёмам работ. Вядома, што зімой многія трактарысты і вадзіцелі засталіся без працы, вось кіраўніцтва гаспадаркі і папрасіла іх дапамагчы пераабсталяваць памяшканне. Дзякуй ім, не адмовіліся, пастараліся, і цяпер, самі бачыце, цяляткам і вольна, і суха, і добра.
Сярод іншых працаўнікоў, якія наводзілі тут парадак, пабачылі і нашага даўняга знаёмага, пра якога газета ўжо і раней расказвала сваім чытачам, — Віктара Адамавіча Федарэнку. Аказалася, менавіта яму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даверыла даглядаць маладняк у рэканструяваным памяшканні. Як і раней, клапаціцца ён будзе пра цялят ва ўзросце ад 20 дзён, якіх забіраюць пасля выпайкі ў даярак, і да 6 месяцаў. Пакуль што паставілі сюды 117 галоў, але і свой стары цялятнік, у якім працаваў раней, даглядчык не пакінуў. Там засталося 64 галавы, якім ён таксама ўдзяляе і час, і сілы, і ўвагу.
— Увогуле, чалавек гэты больш чым вопытны, больш чым проста старанны і адказны, — характарызуе Віктара Адамавіча В. В. Рубан. — Родам ён наш, мясцовы. Бацькі яго ўсё жыццё працавалі ў калгасе і сам ён прыйшоў сюды ў 1982 годзе. Спачатку быў вадзіцелем, летам перасядаў на камбайн і дапамагаў убіраць збожжа, а ў 1988 годзе прыйшоў у жывёлагадоўлю. Дарэчы, не адзін, а разам з жонкай, Валянцінай Рыгораўнай. Пэўна, правільней будзе сказаць, менавіта яна і сагітавала мужа перамяніць работу. Прычым, калі Віктар Адамавіч змяніў толькі род дзейнасці, перайшоўшы з калгаснай майстэрні на калгасную ж ферму, то сама Валянціна Рыгораўна да гэтага была далёкая ад сельгасвытворчасці — працавала прадаўцом у магазіне. Трэба сказаць, тады гэта модна было на вёсцы — арганізоўваць сямейныя падрады, не па аднаму, а разам з родзічамі, пры іх падтрымцы браць пад сваё шэфства адну ці некалькі груп жывёлы і нават цэлыя памяшканні.
Муж і жонка Федарэнкі былі як раз з такога дзясятка. Вось так побач, дапамагаючы адзін аднаму, яны адпрацавалі на ферме дваццаць гадоў. Пасля Валянціна Рыгораўна пайшла на заслужаны адпачынак, а Віктар Адамавіч і да гэтага часу даглядае маладняк. Праўда, і жонцы яго дома не сядзіцца.
— Дапамагаю мужу пенсію зарабляць, — смяецца жанчына. І дапамогу яе цэніць не толькі блізкі ёй чалавек, з якім пражыта няпростае, але шчаслівае жыццё, выгадаваны і пастаўлены на ногі трое дзяцей, а і кіраўніцтва роднай гаспадаркі. Прозвішча Федарэнка тут заўсёды было ў пашане. І ў былыя гады гэты сямейны падрад дабіваўся ў рабоце даволі значных вышынь, і цяпер з’яўляецца прыкладам працавітасці і добрасумленнасці для маладзейшых работнікаў падраздзялення.
— Раніцай яны раней за ўсіх з’яўляюцца на ферме, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі, — ды і ўвечары апошнімі дамоў ідуць. А ўвогуле, калі ёсць патрэба больш часу ўдзяліць сваім гадаванцам, або мы папросім аб нечым, то і цэлымі днямі прападаюць на рабоце. Калі толькі ўпраўляюцца з хатнімі клопатамі — адным ім вядома. Вынікі, якія яны атрымліваюць, нікога не здзіўляюць. Усе бачаць, чаго каштуюць яны гэтым людзям. Рацыён кармлення маладняку ў нас аднолькавы ва ўсіх групах і складаецца з чатырох кілаграмаў малака ў разліку на кожнае цяля, 200 грамаў камбікорму КР-2, 200 грамаў цэльнага зерня кукурузы, сена. Але паказчыкі адрозніваюцца. Па выніках мінулага года самыя высокія сярэднясутачныя прывагі маладняку атрыманы па гаспадарцы ў групах менавіта Віктара Адамавіча Федарэнкі (654 грамы) і Віктара Іванавіча Давыдоўскага (627 грамаў). Амаль такі ж паказчык атрыманы першым з названых даглядчыкаў і сёлета за студзень. Спадзяёмся, і ў далейшым Віктар Адамавіч утрымае гэтыя пазіцыі. Тым больш што і ўмовы цяпер змяніліся ў лепшы бок.
Думаецца, так яно і будзе. У чалавека, у руках якога гарыць любая работа, па-іншаму і быць не можа. Застаецца толькі пажадаць Віктару Адамавічу і яго жонцы здароўя і цярпення.

НА ЗДЫМКУ: муж і жонка Федарэнкі.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK