ГОДУ РОДНАЙ ЗЯМЛІ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

У КУЛЬТАСВЕТУСТАНОВАХ


Беларусь… Калі чуеш гэтае слова, перад вачыма паўстаюць прасторныя палі, сакавітыя лугі, павольныя рэкі, чыстыя і празрыстыя азёры, светлыя бярозавыя гаі і густыя лясы… Міжволі пачынаеш чуць самабытныя песні, якія праслаўляюць родную старонку, расказваюць аб прыгажосці беларускай зямлі, і яны не могуць нікога пакінуць раўнадушным. Кожнаму чалавеку дарагі свой родны край, кожнаму ён здаецца самым прыгожым і непаўторным куточкам. Мы любім яго за тое, што тут нарадзіліся, выраслі, зрабілі першыя крокі, першы раз вымавілі слова «мама».
Наша родная зямля надзяліла душу беларускага народа непаўторнай дабрынёй. Беларусы з даўніх часоў услаўлялі прыгажосць краявідаў, працавітасць людзей, гераізм і самаадданасць Радзіме ў шматлікіх паданнях, мастацкіх і музычных творах.
І нездарма гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам роднай зямлі. Яго правядзенне, у першую чаргу, паспрыяе захаванню і прымнажэнню нацыянальнага духоўнага і культурнага набыткаў, гістарычнай спадчыны і прыродных каштоўнасцей краіны, самабытных традыцый народа. Шмат увагі гэтаму ўдзяляецца ў культасветустановах нашага раёна, асабліва адраджэнню культурнай спадчыны, экалагічнаму і патрыятычнаму выхаванню насельніцтва. І гэта зразумела, бо, як вядома, вялікае заўсёды складаецца з малога. Аб тым, якая работа праводзіцца ў гэтых напрамках, нам расказала дырэктар раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Наталля Іванаўна Чараднік.


Сабраць і зберагчы


Сёння ніхто не сумняваецца ў тым, што бібліятэкі прызваны, перш за ўсё, зберагчы духоўную, гістарычную і літаратурную спадчыну народа. Краязнаўства заўсёды з’яўлялася адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце культасветустаноў.
Сёння амаль ва ўсіх бібліятэках існуюць этнаграфічныя куточкі, дзе сабраны разнастайны цікавы і пазнавальны матэрыял, экспанаты. Яны расказваюць аб жыцці да Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў савецкі перыяд, аб стварэнні калгасаў і саўгасаў, аб сціплых працаўніках вёсак, якія ўздымалі народную гаспадарку пасля Вялікай Айчыннай вайны і зараз сваёй працай узмацняюць дабрабыт дзяржавы. Збіраючы рэліквіі, бібліятэкары з вялікай удзячнасцю прымаюць любую інфармацыю, якая датычыцца гісторыі таго ці іншага населенага пункта.
Як і ў мінулыя гады, у бягучым пройдзе шэраг мерапрыемстваў па краязнаўству. Вось, напрыклад, у раённай дзіцячай бібліятэцы адбудуцца чытанні, у праграме якіх запланавана правесці: гадзіну паэзіі «Песняры Беларусі сінявокай», літаратурна-духоўны ўрок «Слова гучала, слова чароўнае», выставу-азнаямленне «У гонар друкаванага слова». Чытачоў чакае краязнаўчая віртуальная вандроўка па нашай вобласці. А вось у Сяўкоўскай бібліятэцы пройдзе гісторыка-краязнаўчая гадзіна, на якой усе жадаючыя змогуць падрабязней даведацца аб казацка-сялянскай вайне 1648-1651 гадоў. Н.П. Верамеенка, загадчыца Ручаёўскай бібліятэкі, для сваіх наведвальнікаў падрыхтавала краязнаўчы калейдаскоп «Край мой там, дзе продкаў карані».


Любоў да малой і вялікай Радзімы патрэбна выхоўваць


Пройдзе зусім нямнога часу, і наша краіна будзе адзначаць 65-ую гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У выхаванні пачуцця любові да сваёй Бацькаўшчыны асаблівая роля адводзіцца менавіта ваеннай гісторыі, сутыкаючыся з якой чытач на гераічных прыкладах з жыцця продкаў вучыцца служэнню Айчыне.
Гістарычная тэматыка мерапрыемстваў з’яўляецца традыцыйнай для бібліятэк. 65-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны тыдзень інфармацыі «Жыць і квітнець пад мірным небам табе, Беларусь», які пройдзе ў цэнтральнай бібліятэцы. У гэты перыяд тут адбудзецца гістарычная гадзіна «З усіх святынь няма важней Радзімы» і інфармацыйна-пазнавальная — «Моцная духам, святая зямля Беларусі», паэтычны прыстанак «Паэты Лоеўшчыны». Будзе арганізавана і выстава з аглядам літаратуры «Мая рэспубліка: будучае, памяць, народ». Акрамя гэтага ва Уборкаўскай бібліятэцы пройдзе экскурс у мінулае «Лоеўшчына: вайна і памяць». Для сваіх чытачоў бібліятэкар Крупейскай культасветустановы падрыхтуе і правядзе літаратурна-музычнае мерапрыемства «Памяць вогненных гадоў», а ў Мохаўскай бібліятэцы адбудзецца ўрок памяці «Салдату-пераможцу сотні разоў паклон зямны». Акцыю міласэрнасці «Падзяліся цеплынёй душы сваёй» правядзе загадчыца Ліпнякоўскай бібліятэкі. Гэта тыя мерапрыемствы, якія пройдуць у бліжэйшы час, а вось ужо зараз кожны жадаючы можа наведаць цэнтральную бібліятэку, дзе арганізавана выстава, прысвечаная Году роднай зямлі, «Беларусь: гісторыя і сучаснасць».


Зямля пад белымі крыламі


Прыгажосць нашай беларускай зямлі ўслаўляецца ў шматлікіх музычных, мастацкіх і літаратурных творах. І гэта зразумела, бо навакольны свет такі шматгранны. Працаўнікі бібліятэк намагаюцца дапамагчы сваім наведвальнікам убачыць гэты свет, адчуць яго, вучаць іх беражліва адносіцца да прыроды, з розумам выкарыстоўваць яе багацці.
Цяжка пераацаніць ролю бібліятэк у фарміраванні ўмення бачыць прыгажосць прыроды праз творы мастацкай літаратуры. Гэтаму спрыяюць вершы, паданні, музыка, якія гучаць у час правядзення літаратурна-музычных кампазіцый. Міласэрным адносінам адзін да аднаго і да свайго роднага краю вучаць урокі дабрыні. Конкурсы малюнкаў «Родныя краявіды», «Імя — беларус!», прысвечаныя Году роднай зямлі, пройдуць у Пярэдзелкаўскай дзіцячай бібліятэцы. Краязнаўчую вандроўку «Свет роднай прыроды», у праграму якой увойдуць: дзень экалагічных ведаў «Жыві ў гармоніі з сабой і прыродай», рэкламны калейдаскоп «Мы раім прыродзе, прырода — нам», гадзіна міласэрнасці «Калі ты чалавек…», правядзе для сваіх наведвальнікаў Г.І. Федарасава, загадчыца Бывалькаўскай бібліятэкі.


Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK