ТАКОЙ ЗАПОМНІЦЦА ЯНА — ЗІМА

Надвор’е


СІНОПТЫКІ ПАДЛІЧЫЛІ


Па вышыні снегавога покрыва найбольш “шчодрым” за апошнія некалькі гадоў быў 2005-ты, калі вышыня гурбаў у сакавіку дасягала 58 сантыметраў. На сённяшні дзень гэты паказчык складае ў нашых мясцінах 45 см.


Па агульнай колькасці ападкаў лідзіруе сёлетняя зіма. За снежань у сярэднім выпала на 9,8 мм ападкаў больш, чым прадугледжана нормай, у студзені шчодрай на снег была толькі першая дэкада, калі было зафіксавана перавышэнне нормы на 5,8 мм. За астатнія дваццаць дзён колькасць ападкаў была значна меншай, што нават з лішкам было кампенсавана ў лютым. Толькі за 17 дзён гэтага месяца выпала ажно 225 працэнтаў ападкаў ад нормы.


Па тэмпературы таксама ёсць свае рэкорды. Самая нізкая тэмпература паветра была зафіксавана сёлета 24 студзеня — -27,5 0С. Тэмпература снежнага покрыва ў гэты ж дзень склала -32,5 0С. Самым цёплым аказаўся дзень 2 снежня, калі тэмпература паветра прагрэлася ажно да +11,8 0С. Увогуле першая і апошняя дэкада першага месяца сёлетняй зімы былі нават цяплейшыя, чым гэта прадугледжана нормай, — адпаведна на 5,2 і 1,7 0С. Тэмпература паветра астатніх дзён гэтай зімы значна ніжэйшая за норму. Самымі халоднымі былі апошнія дзесяць дзён студзеня, на працягу якіх тэмпература паветра склала ў сярэднім -14,9 0С, што на 8 0С ніжэй за нарматыўную. Самае цёплае надвор’е ў студзені выпала на Раздво Хрыстова, 7 студзеня, калі слупок тэрмометра ўзняўся да адзнакі +1,2 0С.


Прагнозы аб тым, што чакае нас да канца лютага, сіноптыкі рабіць адмовіліся. А вось на бліжэйшыя суткі абяцаюць такое надвор’е: 20 лютага — воблачна, часам ападкі, мокры снег, дождж, месцамі туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца, вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с, тэмпература паветра на працягу сутак ад -3 да +2 0С. Прыкладна такое ж надвор’е чакаецца і 21 лютага, толькі вецер сіноптыкі прагназуюць ужо пераменных напрамкаў, 4-9 м/с, тэмпература паветра ноччу і днём складзе ад 0 да -5 0С.


ТАКОЙ ЗАПОМНІЦЦА ЯНА — ЗІМА-ПРЫГАЖУНЯ, ЗІМА-ЧАРАЎНІЦА


Апошні раз яна была такой каля дваццаці гадоў таму. Менавіта такога меркавання прытрымліваюцца нашы мясцовыя старажылы, якія даўно ўжо засумавалі па сапраўдных, вось як сёлета, марозных і шчодрых на снег зімах. А вось сіноптыкі прыводзяць іншыя факты. Па сцвярджэнням начальніка Брагінскай метэастанцыі Валянціны Малочка, прыкладна такой жа па вышыні снегавога покрыва ў лютым-сакавіку была зіма 2005 года. Тады ў параўнанні з сёлетнім паказчыкам вышыня снегавых гурбаў раўнялася ў сакавіку 58 см (зараз гэты паказчык складае 45 см).
Увогуле ж, прывесці нейкія параўнанні з улікам усіх метэаралагічных паказчыкаў — колькасці ападкаў, сярэдняй тэмпературы паветра і зямлі і г.д. — досыць складана. Тым не менш з меркаваннямі старэйшых жыхароў нашага раёна можна цалкам згадзіцца. Такой зімы сапраўды не было ўжо досыць даўно. На працягу многіх гадоў жыхары нашых мясцін маглі хіба толькі час ад часу здзіўляцца занадта нізка апушчанаму слупку тэрмометра альбо вышыні снегавых гурбаў і з непрыхаванай настальгіяй узгадваць сваё дзяцінства, калі двары і вуліцы нагадвалі сапраўдныя лабірынты сярод высачэзнага покрыва снегу, а з’язджаць на санках можна было ледзь не са стрэх дамоў, хлявоў і іншых збудаванняў.
У гэтым плане і сёлетняя зіма не расчаравала нікога. Здаецца, столькі ляжыць яго, таго снегу, на палях, дварах, вуліцах, што ўжо і дзеці цалкам здаволіліся, не відаць іх на горках з лыжамі і санкамі, нават снегавікоў рэдка дзе сустрэнеш, і дарослыя стаміліся змагацца з заносамі, і Масленіцу, здавалася б, адсвяткавалі, час ужо б і на вясну павярнуць, аж не… Сняжок усё падсыпае і падсыпае, дый мароз то адпусціць, а то зноў ціскане… Ніяк не жадае пакідаць нас матухна-зіма, не спяшаецца саступаць чаргу вясне дый годзе. Як ні круці, але ж не нам з вамі нешта тут вырашаць. Чалавеку застаецца толькі назіраць і запамінаць апошнія эпізоды гэтай зімы.


Падрыхтавала Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK