Гумарэскі

Знайшоў высце


Што нi кажыце, а ёсць яшчэ ў нас бюракраты, грубiяны. Мяне ж у гэтым нiхто не папракне. Хоць кiрую такой установай, што iншы даўно б з глузду з’ехаў.
Мяркуйце самi: аднаму тэлефон патрэбен без чаргi, хоць i нумароў свабодных няма, друг скардзiцца на дрэнную дастаўку карэспандэнцыi, у трэцяга радыё маўчыць. Карацей кажучы, працую начальнiкам вузла сувязi.
Работу сваю я арганiзаваў па-новаму, нi адной скаргi не чую. Толькi зазвонiць тэлефон, як мая сакратарка Нэлачка падхоплiвае трубку:
— Сiдар Сiдаравiч яшчэ не прыйшоў…
Праз некаторы час новы званок. Сакратарка ласкавым голасам у адказ:
— Сiдара Сiдаравiча пакуль што няма…
Зноў звоняць, зноў гучыць пяшчотны голас:
— Прабачце, калi ласка, але Сiдар Сiдаравiч выйшаў…
У тым, што менавiта так адказвае мая сакратарка, можаце не сумнявацца, бо я заўсёды пры гэтым прысутнiчаю.


Боршч для мужа


— Алеё Толя? Слухай, я еду на абед, ды ўспомніла, што i ты ж хочаш есцi. Так, я абяцала табе сёння зварыць боршч, але ж раніцай пакуль сабралася на работу, дык не ўправiлася нiчога зрабць. Добра яшчэ, што хоць мабiльнiк не забылася схапiць на хаду. Не хвалюйся, я цяпер прыеду i звару табе боршч. Ты толькi дастань мяса з халадзiльніка, я там на талерцы прыгатавала, i пакладзi ў каструлю, хай варыцца. Усе хутчэй будзе. А я — зараз!..
— Алё Толя, слухай! Мяса там ужо, вiдаць, уварылася, дык ты, каб не трацiць часу дарэмна, парэж ды ўсып у каструлю капусту, качан таксама ў халадзiльнiку. I морквiну патры. А потым, хвiлiн праз дзесяць, дабаў цыбулькi. Хопiць i адной, калi вялiкая. Так, я яшчэ еду…
— Алё Толя! Як там мой боршч? Ужо зварыўся? Колькi сыпаць солі? Я сама зараз пасалю, я ўжо выходжу з аўтобуса. Ты налiвай у талеркi i пакладзi кропу i пятрушкi крыху, там у пакеціку на дзверцах у халадзiльнiку. А смятаны не шкадуй!
— Ну вось бачыш, мiленькi, я i зварыла табе боршч, а ты толькi журыўся!..


Дыялогі:


Мой — лепшы!


— У маёй суседкi зяць такi ўжо выпiвоха!
— I твой жа такi самы…
— Дык мой жа п’е толькi гарэлку ды каньяк, а той — адно «чарнiла»!


Цi варта было?


— Пражыла я з табою трыццаць год — i нi разу не здрадзiла! — з горыччу гаворыць жанчына — мужу п’янiцу.
— А дарэмна!


Вось табе i малеча!


Па дарозе iдуць бабуля з чатырохгадовым унукам.
— Асцярожна, Васiлёк, — гаворыць бабуля, — вунь насустрач «ту-ту» едзе!
— Не «ту-ту», а «Аўдзi-А4», — адказвае ўнук.


Міхась Сліва.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK