ПАКУПНІКАМ “НА РОСТАНЯХ” ЗАЎСЁДЫ РАДЫ

Як нас абслугоўваюць


У наш час, канешне ж, кожны хоча не толькі добра выглядаць, мець прыгожае сучаснае адзенне, але ж, як кажуць, і паесці са смакам, каб на стале быў і кавалачак каўбаскі, і мясца, ды і дзіцяці якую-небудзь цукерку хочацца купіць. А зайшоўшы ў магазін, зразумела, звяртаеш увагу не толькі на тое, што табе патрэбна, што жадаешь прыдбаць, але глядзіш і на цану — ці па кішэні табе будзе тая каўбаска? У кожнага, не сакрэт, розныя фінансавыя магчымасці, даходы. І добра, калі на прылаўку будзе ляжаць як дарагі тавар, так і не вельмі — будзе з чаго зрабіць выбар. Бо гэта, канешне ж, забяспечвае магазіну і вялікую колькасць пакупнікоў, і добрую рэпутацыю.


Менавіта такімі клопатамі жыве і калектыў магазіна “На ростанях” вёскі Бывалькі. Прыгожы, утульны, акуратны, ён заўсёды гатовы шчыра і ласкава сустрэць кожнага, хто сюды завітае.


Нягледзячы на тое, што гэтая вёска не атрымала статус аграгарадка, бачна, што ў магазіне зроблены рамонт, маецца добрае абсталяванне. Але самае галоўнае, што мы заўважылі, гэта асартымент. Кожны прылавак перапоўнены ад вялікай колькасці тавару, у халадзільнай вітрыне шмат каўбаснай прадукцыі: і сасісак, і рулетаў мясных, а той жа самай каўбасы, дык і ўвогуле каля пятнаццаці відаў. Скрыня для захоўвання свежазамарожаннай рыбы таксама поўная. Разнастайныя кандытарскія, хлебабулачныя вырабы, крупы, кансервы, цукеркі — усяго не пералічыць. І нават тое, што ў вяскоўцаў ёсць свая гаспадарка, ні аб чым не гаворыць, у магазіне ўсё роўна маецца вялікі асартымент малочнай прадукцыі.


Акрамя вышэй пералічанага, тут можна набыць і тавары бытавой хіміі, і нават складанабытавую тэхніку: халадзільнікі, тэлевізары — праўда, для гэтага патрэбна загадзя зрабіць спецыяльную заяўку. І людзі звяртаюцца да прадаўцоў і з такімі просьбамі. Усё гэта, безумоўна, робіць жыццё вяскоўцаў больш зручным. Не трэба кудысьці ехаць, спяшацца, марнаваць час, вольную хвіліну лепш прысвяціць хатнім справам, сваёй сям’і.


Вялікая заслуга ў поспехах гэтага гандлёвага прадпрыемства, канешне ж, і калектыва. Хоць ён тут і маленькі, усяго два чалавекі: загадчыца магазіна Ларыса Новік і прадавец Таццяна Сідарэнка, але ж абедзве стараюцца выканаць план, турбуюцца, каб на паліцах заўсёды быў шырокі асартымент тавараў, прычым якасных, ды і выкладка была аформлена з густам, а ў магазіне панавалі чысціня і ўтульнасць. Завітаўшы сюды, адразу пачуеш добрыя словы прывітання. Прадаўцы заўсёды, як і павінна быць, стараюцца прапанаваць наведвальнікам патрэбны тавар, нешта параіць, падказаць.


Добра, калі б у кожным магазіне быў такі калектыў ды такая прыемная атмасфера. У такую гандлёвую кропку і зайсці хочацца, і нешта там купіць.


НА ЗДЫМКУ: загадчыца магазіна № 38 “На ростанях” Ларыса Новік.


Тэкст і фота Марыі БУХАВЕЦ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK