Матчына мова — родная мова

Дзень беларускага пісьмен-ства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.

Канцэпцыя гэтага свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

У гэты дзень мы заўсёды аддаём даніну павагі ўсім тым, хто стаяў ля вытокаў беларускага мовазнаўства.

“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”. І неад’емная частка яе — родная мова. Яна не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця i працы народа, яго грамадскага i культурнага развіцця.

У кожным куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры, нарэшце, проста жыве ў генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў. Менавіта праз родную мову, праз слова адраджаецца душа чалавека, душа народа, душа нацыі…

Цярністы шлях прайшла беларуская літаратура, перш чым дасягнула вяршынь свайго развіцця. Сёння мы з хваляваннем і гонарам вымаўляем імёны Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага і іншых. Гэта яны пасеялі першыя зярняткі, з якіх пачала зараджацца беларуская мова і літаратура.

Матчына мова, родная мова. Менавіта так, шаноўна і ласкава, мы называем гэты бясцэнны духоўны набытак. Пра прыгажосць і багацце роднага слова, пра яго вялікае значэнне ў жыцці чалавека выказваліся такія вядомыя гістарычныя і культурныя дзеячы Беларусі, як Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч і інш. Вялікі ўклад ва ўсталяванне і развіццё беларускай літаратурнай мовы, ва ўзвышэнне яе грамадскай і эстэтычнай годнасці ўнеслі Янка Купала і Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў і Ўладзімір Караткевіч і многія іншыя пісьменнікі Беларусі.

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах i г.д. Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы.

Любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад сваім дзецям. Кожны маленькі беларус павінен ведаць роднае слова, плённа вывучаць яго. У многім пачатак гэтаму даюць, канешне ж, настаўнікі. На ўроках роднай мовы і літаратуры дзеці адкрываюць цудоўны свет беларускай пісьменнасці, яе адметнасць. Настаўнікі вучаць паважаць мову, любіць яе, шанаваць кнігу і друкаванае слова. Нягледзячы на актыўнае развіццё сучасных электронных носьбітаў інфармацыі, кніга, усё ж такі, не страчвае сваёй актуальнасці, дастойна вытрымлівае канкурэнцыю.

Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Ёсць людзі, якія вельмі любяць, шануюць сваю родную мову, выступаюць у яе абарону. Любяць за тое, што яна прыгожая і мілагучная. За тое, што яна самая найлепшая за ўсе мовы ў свеце… І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Мы павінны берагчы нашу мову — нашу спадчыну.

Марыя БУХАВЕЦ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK