У Бывальках свята — уражанняў багата

Свята ў Бывальках адбылося ў мінулыя выхадныя. Як традыцыйна праводзяцца такія мерапрыемствы на Лоеўшчыне, загадчыца Бывалькаўскім сельскім домам культуры Вольга Каменская дакладна не ведала, бо працуе на гэтай пасадзе не так даўно. Таму і завітала яна з удзельнікамі народнага калектыву “Алеся” у Каўпень. Уражаная падвор’ем, атракцыёнамі для дзяцей, яна запрасіла прадпрымальнікаў наведаць Бывалькі. Вярталася дамоў Вольга з канкрэтнымі ідэямі, як арганізаваць сваё свята вёскі. На наступны дзень пачалася паэтапная работа над ажыццяўленнем задумкі.
У выхадны каля ўстановы культуры з’явілася падвор’е, вынікі сваей працы прадставілі на суд аднавяскоўцаў мясцовыя таленавітыя гаспадыні, мастакі. Дзеці з захапленнем назіралі за ўстаноўкай атракцыёнаў, абсталявання для прыгатавання салодкай ваты і папкорну. Нават прапанавалі дапамогу дарослым.
З лепшымі пажаданнямі дабрабыту, здароўя, шчасця прывіталі сабраўшыхся вяскоўцаў кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Уладзімір Рыбак, старшыня Бывалькаўскага сельсавета Таццяна Здрок. Віншавальныя паштоўкі атрымалі самыя састарэлыя жыхары Бывалек, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. З імправізаванай сцэны гучалі імёны майстроў прыкладной творчасці, сапраўдных гаспадароў, якія ўмеюць упрыгожыць домаўладанне і тэрыторыю каля яго, працаўнікоў розных прафесій.
Мясцовыя самадзейныя артысты, іх калегі з Каўпені разам з А. Грабянком і Л. Барадзіной з захапленнем выконвалі розныя па тэматыцы і характару песні. Яны не дазвалялі гледачам сумаваць, дарылі пазітыўны настрой, зараджалі энергіяй.
Феерверк ад мясцовага сельгаспрадпрыемства стаў заключным акордам гэтага дня і свята вёскі.
Людміла Краўцова, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK