Пачэсны абавязак — быць чалавекам

Перад кожным чалавекам, калі ён толькі пачынае самастойныя крокі ў жыцці, паўстае шмат пытанняў: як жыць, да якой мэты імкнуцца? Адны выбіраюць самы просты і найлягчэйшы шлях — прыстасаванне. Але ж я для сябе выбіраю іншы напрамак…
На ўспамін прыходзіць гісторыя, якую давялося прачытаць у адным часопісе.
“…Калі я была маленькай, мой дзядуля часта браў мяне па суботах рабіць пакупкі на тыдзень. Аднойчы мы праходзілі міма дома, акружанага жывой агароджай з кветак. Там раслі ружы, самыя прыгожыя, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Я спынілася, каб разгледзець кветкі і адчуць іх цудоўны водар. Не ў сілах стрымацца ад захаплення, ціхенька прамовіла: “Дзядуля, глядзі — самыя прыгожыя ружы ў свеце!” I тут да мяне данёсся голас з ганка: “Можаш адарваць любую, якая табе падабаецца”. Каля хаты стаяла прыветлівая жанчына: “Адрывай, мая даражэнькая”. Я хуценька выбрала вялікую чырвоную ружу, яшчэ раз падзякавала і зноў пачула яе голас: “Я вырошчваю ружы на радасць другім людзям, а сама не магу іх бачыць. Я сляпая”. Хваляванне і роспач захапілі маё сэрца. Я зразумела, што жанчына падарыла нам значна больш, чым ружу. I сёння я стараюся жыць так, як жыла яна, — дзяліцца з другімі ўсім, што ёсць добрага ў мяне, дорачы ім радасць і цудоўны настрой. Адчуванне шчасця прыходіць, калі бачыш шчаслівыя твары другіх людзей…”
Быстракрылай птушкай пралятае бесклапотнае дзяцінства, пакідаючы ў памяці ўспамін пра бацькоўскі дом, родную школу, блізкіх і дарагіх сэрцу людзей, сяброў, шумнай кампаніі аднагодкаў. Усе гэтыя мілыя карціны няўмольны час згортвае ў світак. Я станаўлюся дарослай. Вырасшы на ўлонні цудоўнай, маляўнічай прыроды, я захапляюся красой навакольных прастораў, што напаўняюць жыццё светлымі фарбамі. Радзіма для мяне — гэта добрыя людзі, і сонца над галавой, і паветра, якім дыхаю, і мова, якую даў мой народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і легендарныя гераічныя справы нашых дзядоў, і тая светлая дарога, па якой мне ісці ў будучае. Я хачу, каб на гэтым шляху мне сустракаліся самыя чалавечныя людзі.
Чалавек! Для чаго ён з’явіўся на свет? Разумею, што мы не можам жыць без дабрыні, спагады, сардэчнасці, чуласці. Сама сутнасць чалавека — гэта высакароднасць, адкрытасць, жаданне рабіць дабро. У старажытнай Індыі казалі: “Для дабра іншых цякуць рэкі, пладаносяць дрэвы. Для дабра іншых жывуць высакародныя людзі”. Не трэба прынімаць дабрыню за слабасць, грубасць — за сілу, а подласць — за ўменне жыць. Кожны дзень — гэта падарунак, а падарункі трэба прымаць з удзячнасцю. I нават калі здаецца, што нічога не адбылося, то гэта з-за недахопу розуму ці ад глухасці сэрца. Пустых дзён у жыцці не бывае. Усё, што адбываецца ў гэты момант, з’яўляецца неабходным. У чалавека, уважлівага да сябе і да свету, важныя падзеі адбываюцца паўсядзённа — хоць бы ў душы. Поль Брула пісаў: “Дастаткова імгнення, каб стаць героем, але неабходна цэлае жыццё, каб стаць вартым чалавекам”.
Жыццё цудоўнае, трэба палюбіць яго, радавацца кожнаму дню, прыслухоўвацца да яго, прыглядвацца, прынюхвацца. Яно гаворыць з намі на мове падзей, абставін, спраў. Каб быць чалавекам, не абавязкова быць анёлам, дастаткова проста не рабіць дрэнных учынкаў. Бо чалавек — гэта не пасада і не прафесія. Толькі сапраўдныя людзі могуць сумаваць, радавацца, вучыцца, працаваць, адпачываць, клапаціцца аб дзецях, будаваць, саджаць дрэвы, бо вартыя павагі толькі тыя, хто не дазваляе душы ленавацца, а імкнецца праяўляць добры прыклад душэўнай шчодрасці, уменне знайсці сваё месца ў жыцці, каб быць вартым перад гісторыяй і памяццю. Вось у гэтым і заключаецца для мяне сутнасць пачэснага абавязку — быць на зямлі Чалавекам.
Вераніка Купрыянчык,
вучаніца 10 класа.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK