Пазнаць сэнс жыцця

“Жыццё — гэта шанс, не страць яго. Жыццё — гэта прыгажосць, здзіўляйся ёю. Жыццё — гэта мара, ажыццяўляй яе. Жыццё — гэта доўг, споўні яго. Жыццё — гэта каханне, кахай. Жыццё — гэта таямніца, разгадай яе. Жыццё — гэта трагедыя, вытрымай яе. Жыццё — гэта прыгоды, адважвайся на іх. Жыццё — гэта жыццё, выратуй яго. Жыццё — гэта шчасце, твары яго сам. Жыць варта. Не знішчай сваё жыццё!”
Гэтыя словы маці Тэрэзы ўвесь час патрабуюць роздуму. Разумею, што ўсё жывое цягнецца да сонца: лісце, кветкі, дрэвы… Без яго цяпла не могуць існаваць ні жывёлы, ні птушкі, ні людзі. А як жа глыбока ўвайшлі ў зямлю людскія карані, якія таксама цягнуцца да света і цяпла?
Зусім нядаўна мне давялося стаць сведкам вялікай жыццёвай мудрасці.
Мільгаюць дні, імкліва пралятаюць тыдні і месяцы, прабягаюць гады і дзесяцігоддзі — праходзіць жыццё чалавека, народа, краіны. Многае знікае назаўсёды, іншае губляе выразнасць. Бываюць у жыцці народаў перыяды, калі ўсё і ўсе засяроджваюцца вакол адзінай мэты. Ёсць такі перыяд і ў майго народа. Гэта Вялікая Айчынная вайна. Прайшло шмат гадоў, а я і зараз успамінаю аповеды маёй бабулі пра аднавяскоўцаў у той ліхі час, калі старыя і малыя, мужчыны і жанчыны былі ўцягнуты ў гэтую жахлівую барацьбу.
Аставіўшы дома жонку і пяцёра дзяцей, пайшоў на вайну і сусед маёй бабулі. Пайшоў… і не вярнуўся. А ў 1943 годзе атрымала сям’я кароценькі ліст: “Прапаў без вестак”. Чакалі яго родзічы, спадзяваліся на цуда, шукалі. Колькі бумагі было спісана, колькі людзей уключана ў пошукі, але ўсё безвынікова. Марылі родныя знайсці хоць месца, дзе ў апошні раз бачыў іх дзядуля сонца. Дарослымі сталі дзеці, унукі, падрасталі праўнукі. Жыццёвыя абставіны далі ім магчымасць радавацца сонцу, мірнаму небу, вясёламу шчабятанню птушак. Толькі вось адна цікавая рэч непрыкметна ўкаранілася ў іх сям’і: з пакалення ў пакаленне перадаваліся імёны: то Сяргей Рыгоравіч, то Рыгор Сяргеевіч… Памяталі свайго легендарнага дзеда тыя, хто ніколі не бачыў. І толькі летам мінулага года сабраліся многія сваякі ў старэнькай хаціне разам: бацькі і дзеці, унукі і праўнукі, прыйшлі да іх і суседзі. Доўга сядзелі разам за святочным круглым сталом, успаміналі, радаваліся, плакалі. 75 год пошукаў… І знайшоўся той, хто аддаў сваё жыццё, ахвяруючы дзеля іншых. Вышыня чалавечага подзвігу вызначаецца сілай вялікай любові да жыцця. Помнікі, мемарыяльныя комплексы… Іх больш за сто тысяч… з імёнамі і без. Вялікае шчасце, калі ёсць хаця б імёны. Бабуліны суседзі знайшлі роднае імя. Яно ўвекавечана на мемарыяльнай дошцы ў вёсцы Пагарэлкі, што пад Ржэвам. Зямля тут на метры прасякнута салдацкай крывёю, слязьмі людзей. А загінула ў гэтым мястэчку каля мільёна чалавек: некаторых забітых хавалі, для іншых магіламі сталі акопы, узлескі, дзе салдаты ляжалі ў тры пласты. Тут абарвалася жыццё і майго земляка.
Яго ўнучка і праўнучка адмералі сотні кіламетраў, пабылі на магіле, у маўчанні схілілі галовы перад тымі, хто падараваў ім простае шчасце — жыць. А яшчэ, па хрысціянскаму звычаю, прывезлі яны на радзіму зямлю і пасыпалі на магілы жонкі, сыноў, дачок. Вось і ляжаць зараз усе разам. Хаця, не. Не ўсе. Шмат каранёў яшчэ засталося. А колькі яшчэ Сяргеяў Рыгоравічаў і Рыгораў Сяргеевічаў народзіць час!
Загінуў чалавек, але яго карані моцна трымаюцца за родную зямлю, падтрымліваючы маладыя парасткі.
Мы нічога не можам зрабіць з даўжынёй свайго жыцця, а вось напоўніць яго глыбінёй вялікай любові і шырынёй света і цяпла ў сілах кожнага з нас.
Анастасія Лысянок,
вучаніца 11 класа.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK