Свая крынічка

Шэраг беларускіх аўтараў прысвяцілі свае творы крынічкам.

Некаторыя з гэтых апавяданняў і вершаў мне вядомыя са школьных гадоў. Але сапраўдную крынічку я ніколі не бачыла. І вось у адзін з вясенніх лагодных дзянёчкаў мне пашчасціла. Шпацыруючы ўздоўж берагавой лініі Дняпра, я вырашыла падняцца ўверх па найменш крутым схіле гары, пышна зарослым расліннасцю. Узбіраючыся ўсё вышэй і вышэй, дасягнула вяршыні. Абмінаючы кусты ляшчыны, мне пачулася нечаканае булькаценне. Зацікаўлена і нават неяк усхвалявана я пайшла далей, перад маімі вачыма паўстала цудоўная карціна: з невялікага ўзгорка сцякала, варушылася, пераліваючы на сонцы свае празрыстыя і люстраныя воды, крынічка. Яе гоман ажыўляў гэтае месца вясёлым і гумлівым плёскатам. І мне здавалася, што ўвесь свет заціх, слухаючы гэтую непаўторную музыку. Яе чароўныя мелодыі нібы напаўнялі жыццём дрымотнае наваколле, вымушаючы ўзбадзёрыцца яго насельнікаў. Вакол крынічкі раскінуліся маўклівыя слухачы: маладзенькія бярозкі, стройныя асіны. Я не ўтрымалася і падыйшла бліжэй, каб адчуць асалоду ад выпітай з далоняў сцюдзёнай, крыштальна чыстай вады. Назад вярталася з таемнай усмешкай на вуснах — нарэшце і ў мяне з’явілася свая крынічка!

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK