У культасветустановах
Зямля бацькоў, зямля, дзе чалавек нарадзіўся, зрабіў першыя крокі… Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. Любоў да родных мясцін, пачуццё дачынення да лёсу Бацькаўшчыны, гонар за гісторыю і культуру свайго краю, беражлівыя адносіны да мінулага — усё гэта не ўзнікае само па сабе, а выхоўваецца. Аб тым, як адбываецца выхаванне маладога пакалення ў вёсцы Крупейкі, нам паведаміла В. А. Лысянок, бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі.
— Сёння гістарычнае мінулае краю ў нашай установе культуры прадстаўлена выставай “Зямля бацькоў — зямля святая”, дзе размешчаны кнігі і часопісы краязнаўчай тэматыкі, альбомы: “Гісторыя вёскі Крупейкі”, “Гісторыя саўгаса “Лоеўскі”, “Гісторыя Крупейскай бібліятэкі”, “Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”. Падрыхтаваны тэматычныя папкі: “Яны вызвалялі наш край”, “Людзі. Падзеі. Факты”, ёсць нават песні, калыханкі, забаўлянкі, абрады, сабраныя пад адзінай назвай “Пявучая вёска”.
Як вядома, 2009 год аб’яўлены Годам роднай зямлі. Гэтай тэме і было прысвечана пасяджэнне краязнаўчай гасцёўні “Зямля, нам дадзеная лёсам”, якое нядаўна прайшло ў бібліятэцы. Вучні Крупейскай базавай школы з цікавасцю слухалі расказ аб гісторыі ўзнікнення вёскі Крупейкі, яе мінулым і сучасным жыцці. З асаблівай увагай успрымалася імі інфармацыя аб першай жанчыне-трактарыстцы Еўдакіі Ермалаеўне Крупейчанка, слава аб якой грымела ў нашым раёне ў саракавых-пяцідзесятых гадах мінулага стагоддзя. Але рабяты і самі не заставаліся проста слухачамі. З вуснаў Веранікі Новік, Юліі Варабей, Аляксандры Хамянок і Наталлі Максіменка прагучалі пранікнённыя аповеды пра Герояў Савецкага Саюза Б.Ф. Баннікава, М.Ф. Смірнова, Р.П. Мясаедава, У.Ф. Латышава, А.І. Бруханава, якія загінулі пры вызваленні нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, імёнамі якіх названы вуліцы роднай вёскі.
Не застаўся без увагі і наш славуты зямляк Міхаіл Рыгоравіч Лысенка, ветэран вайны, кандыдат гістарычных навук, які доўгі час працаваў у Магілёўскім педагагічным інстытуце. Цікавая размова ішла і аб вясковых народных умельцах: ткачысе М.П. Казуля, вышывальшчыцах В.Д. Верамеенка, Н.І. Крупейчанка, М.П. Юрчанка і многіх іншых, работы якіх неаднаразова экспанаваліся на розных раённых выставах.
Паважаць сябе і чакаць павагі ад іншых можна толькі тады, калі ведаеш край, дзе жывеш. Любіць сябе і чакаць любові ад іншых можна толькі тады, калі любіш людзей, што жывуць побач. Менавіта да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі нашай гасцёўні.
Падрыхтавала Людміла Краўцова.
