Назіранні за прыродай
У той дзень лес быў сцішаны і ледзь-ледзь маркотны. Вецер яшчэ не налятаў халоднымі парывамі, не раскачваў вершаліны дрэў. Нейкая нябачная рука паступова абрывала ўбранне з клёнаў, асін, бярозак, пад нагамі адчувальна шархацела лістота. Я падыйшоў да ўскрайку лесу ў пошуках апошніх асенніх грыбоў — апенек.
Побач з дубам прымасціўся сярэдніх памераў граб. Ён бы нічым асаблівым не прыцягнуў увагу, калі б не адна акалічнасць. Сантыметраў за 40-50 ад гэтага дрэва расло іншае, больш тонкае. Маленькі граб схіліўся да мацнейшага таварыша і закончыўся… прыкметным вузлом на яго ствале. Як я ні разглядваў, ніякой вершаліны не знайшоў. Вышэй патаўшчэння былі толькі здаровыя галіны і ўласная вяршыня старэйшага па ўзросту дрэва.
Як тонкі грабок так зросся са сваім суседам — для мяне было незразумелым і загадкавым. А можа гэта не самастойнае дрэўца, а проста адростак ад карэння? Але пераканацца ў гэтай версіі не давялося, бо не было ні часу, ні падручнага інструмента. Засталася проста цікаўнасць: як маглі два дрэўцы так зрасціся, каб стаць адзіным арганізмам. Быццам у вядомай песні пра рабіну, грабку надакучыла расці ў адзіноце і век аднаму хістацца… Вось і прыхіліўся ён да старэйшага сабрата, ды так, што больш не змог адарвацца ад яго.
Мікола Фёдараў, аматар прыроды.
