Гэты сэнс быў укладзены нашымі продкамі ў слова, якога не знойдзеш больш ні ў адной іншай мове, якое і гучыць неяк асабліва мякка, лагодна, сапраўды па-свойску, па-беларуску — знічка. Вось яна, зорачка-знічка загарэлася, зазіхацела ў начным летнім небе яркім ліхтарыкам, бліскучым брыльянтам, каб ужо ў наступнае імгненне імкліва скаціцца ўніз і тут жа згаснуць. Часцей за ўсё іх заўважае маладосць з яе закаханасцю, лірычнасцю, рамантычнасцю. Гэта ж ёй не спіцца — так хораша гуляецца ноччу, пад заварожваючым ззяннем зоркападу. І менавіта ў яе такі ж зіхоткі і такі ж кароткі век…
***
А ўвогуле такіх знічак вакол нас заўважыць можна шмат. Варта толькі ўважлівей паўзірацца ў небасхіл чалавечага жыцця, у лёсы асобных людзей і чалавецтва ў цэлым… Вось, глядзіце, коціцца першая…
ЗНАКАМІТАСЦЬ. Не інакш. Менавіта так разважаў пра сваю асобу Яўгенавіч — па мясцовых мерках фігура даволі значная, заўважная. І хоць да сусветнай вядомасці ён так і “не дарос” (хоць і стараўся вельмі), затое ў роднай вёсцы чалавека гэтага ледзь не кожны сабака ведаў. Яго постаць угадвалі здалёк — такі тыпаж сустрэнеш рэдка: высачэнны, гладкі, хадзіў ён заўсёды важны, з партфелем, сам увесь такі надзьмуты, чырвонашчокі, позірк бы лязо — востры, прыдзірлівы. Знаёмых Яўгенавіч вітаў стрымана, бы неахвоча, аднак тое, што іншыя пры сустрэчы са шчырай ветлівасцю зычаць яму “добрага здароўечка”, заўважаў з нейкім асаблівым задавальненнем, нават асалодай. Вось, маўляў, ведаюць, паважаюць. І ад гэтага Яўгенавіча проста перапаўняла пачуццё ўласнай годнасці, самадастатковасці, нават напышлівасці. І чым далей — тым больш. Год ад году.
І вось прыйшоў час развітвацца з пасадай — ісці на заслужаны адпачынак. І хоць з партфелем па ўкаранелай звычцы Яўгенавіч, нават ідучы ў магазін па хлеб, не развітваўся, а ўсё ж стаў незнарок заўважаць, што “добрых здароўечкаў” у яго бок неяк прыкметна паменшала. Нехта рабіў выгляд, што не пазнае яго, Яўгенавіча. Нехта пачынаў знарок гучна размаўляць па мабільным тэлефоне, маўляў, няма калі раскланьвацца. Ды што там, калі нават многія з яго старых добрых знаёмцаў, пабачыўшы Яўгенавіча яшчэ здалёк, бы па нейкай патрэбе, пераходзілі вуліцу — рабілі выгляд, што не заўважаюць.
“Бач ты, — разгублена разважаў сам з сабою пенсіянер-небарака, — з чаго б гэта ліха такое?”. І няўцям яму, бедалажнаму, што віталіся, аказваецца, увесь гэты час не з ім, не з яго скураным партфелем нават — з пасадай. Няма яе — няма і ласкі. Вось яно як, аказаваецца. Знакамітасць знікла гэтак жа імкліва, як і нарадзілася. Бы тая знічка.
НАВІНА разляцелася па вёсцы ў адно імгненне — Манюта, Васілька Бондарава дачка, замуж выходзіць. За іншаземца. Грамадзянства мяняе. З’язджае ў Амерыку. Назаўсёды. Гэта быў адзін з тых унікальных выпадкаў, калі плётка, пусціўшыся ў скокі па вуліцах, не “абрастала шубай” выдуманых падрабязнасцяў — звестка перадавалася з вуснаў у вусны коратка, лаканічна, бы тэлевізійнае ці радыёпаведамленне: так, маўляў, з’язджае ў Каліфорнію, будучы яе муж — амерыканскі фермер, нашчадак рускіх эмігрантаў. Хоць і таўсты занадта, і руды, і губаты — затое, па ўсім відаць, не басяк. Пашанцавала дзеўцы, што тут яшчэ скажаш?
— І дзе толькі падчапіла такога? — паціскалі плячыма вяскоўцы, нібы перад акупацыяй, гуртуючыся па лаўках. — І, галоўнае, як? Не прыгажуня ж дзеўка, на глянцавую вокладку ніяк не цягне — менавіта такімі мастакі звычайна малююць усялякіх Марфушак — пешчаных ды разбэшчаных гераінь казак. Вось і ў мясцовых кавалераў Манюта папулярнасцю ўвек не карысталася. Але ж то нашы, а то — амерыканец. Хто іх ведае? Можа, ім такія, наадварот, падабаюцца.
А сама Манюта, здавалася, зямлі пад сабой не бачыла. Шчаслівая, не без ганарлівасці паглядвала яна на аднавяскоўцаў — вось, маўляў, ведай нашых! І не заўважала нават, з якім сумам у вачах стаў глядзець на яе бацька, стары Васілёк. Расціў, песціў, на ногі падняў лічы сам — жонка яго гадоў 12 як Богу душу аддала. Вось і цёгся з апошняга, каб не горш за іншых яго дачушка жыла, вучыцца ў горад адправіў, усё, да апошняй крывінкі, гатовы быў аддаць, каб ёй добра, сытна было, а тут такое… На чужыну, у непрасветную далячынь… Назаўсёды… Як не разарвалася ў гэтыя дні чулае бацькава сэрца?
Манюта ж, упіваючыся асабістым шчасцем, не бачыла нічога і не чула.
— Ну, татачка, гаворкі цяпер у вёсцы на сем год хопіць, — легкадумна пасмейвалася яна, круцячыся перад люстэркам у новай сукенцы. Дачка твая — амерыканка. Падумай толькі! Ты ганарыцца павінен! Але ўжо на другі-трэці дзень пасля таго, як наваяўленая амерыканка з’ехала з мужам у сваю Каліфорнію, на “небасхіле” вясковых падзей з’явілася другая, свяжэйшая навіна, услед за ёй трэцяя, чацвёртая, пятая… Пра Манюціна шчасце хутка ўсе забылі. Усе, акрамя аднаго — старэнькага Васілька, які і сам хутка згас, так і не дачакаўшыся звестак ад сваёй дачушкі.
ІМГНЕННЕ РАДАСЦІ, ХВІЛІНА ГОРЫЧЫ. Як часта адно з гэтых пачуццяў змяняе іншае, прымушаючы наша сэрца то моцна салодка біцца, то заміраць у нейкім нядобрым, трывожным перадчуванні.
У жыцці Валерыка за 43 гады яны настолькі перапляліся, зблыталіся, што ён часам ужо і сам не ведаў — калі яму радвацца, калі плакаць. Вось, здавалася, у чарговы раз пашанцавала — прыдбаў учора новенькі “Nokia”. Ну, скажам, не новенькі, карыстаны ўжо, затое які! Сапраўдная мара — ледзь не міні-камп’ютэр быў запіхнуты ў невялічкі бліскучы корпус. Аж да раніцы пстрыкаў Валерык на кнопкі мабільніка, а ўсяго, што ўтрымлівалася ў ім, так і не паспеў разгледзець. Вось ужо і будзільнік запішчаў-затрашчаў — самы час на работу збірацца, калі ў дзверы раптам нехта гучна загрукаў.
— Каго там прынесла? — здзівіўся Валерык, сам толкам не разумеючы, з чаго гэта так моцна забілася яго сэрца. Адчыніў дзверы — і ледзь не самлеў. Так і ёсць, на парозе — цётка Настасся, маці Андрэя, учарашняга ўладальніка яго “новенькага” “Nokia”. Ды не адна, з участковым. І як ні круціўся, як ні тлумачыў Валерык, што не злодзей ён, што Андрэй свой мабільнік сам яму аддаў — за “даўгі”. Але з “Nokia” давялося развітацца. Мала таго, занадта зацікавіўшыся, з чаго гэта нарасла паміж даўнімі сябрукамі такая вялізная запазычанасць, міліцыянер, будзь ён няладны, знайшоў і бітончыкі з брагай, і сапраўды, на ўсе 100 працэнтаў новенькі самагонны апарат, і амаль 30-літровы запас свежавыціснутай самагонкі. За што, за якія грахі яму, Валерыку, такое ліха? І чаму такім кароткім аказваецца заўсёды яго шчасце?
ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ. Куды толькі падзелася яна ў апошнія гады? Насколькі чорствымі, глухімі да яе, цёткі Кацярыны, сталі людзі вакол? Іншая справа раней. У райвыканкам звярнулася і раз, і другі — не прагналі, выслухалі слёзную гісторыю, аказалі матэрыяльную дапамогу. Прыйшла са скаргай у адну службу, у другую, трэцюю — не адвярнуліся, не выправілі вон, не адмовілі — вунь і ваду ў хату правялі, і пралёт агароджы, які карова яе, Кацярыніна, разбіла, замянілі, пафарбавалі, і лямпачку на слупе павесілі. Ды й суседзі ў былыя часы (а звярталася яна, лічы, да ўсіх) таксама дапамагалі — адзін дровы ледзь не дарэмна парэзаў, іншы пасёк, трэці, калі ў горад з жонкай ездзіў, не раз з сабой браў, і па крамах, і па аптэках вазіў. А тут што такое з людзьмі нарабілася? З райвыканкама ў чарговы раз адмова прыйшла пісьмовая. У арганізацыі, у якую звярталася на днях з просьбай адрамантаваць дах, такі рахунак выставілі, што бегла адтуль, нібы кіпенем аблітая. Ды і суседзі-куркулі кожны толькі ў свой двор цяпер паглядае…
За гэтымі роздумамі, што былі куды цяжэйшыя за ўвесістыя клункі ў руках цёткі Кацярыны, яна імчала на аўтавакзал (Іван, каб яму… не захацеў звазіць у Гомель на сваім легкавіку, бензіну у яго, маўляў, няма) і не адразу заўважыла мурзатае дзяўчо, што тузала яе за спадніцу:
— Цётачка, дай 100 рублёў, — цягнула яна час ад часу танюсенькім голасам і даверліва заглядвала ў вочы.
— Ану адыдзі, — абурана адштурхнула малую кабета. — Бач што ўдумала, сто рублёў ёй дай! Шмат тут вас такіх бегае! Усім не надаешся…
І шпарка пашыбавала далей, бядуючы пра тое, куды ж падзеліся апошнім часам чалавечнасць і спагадлівасць людская?
КРЫЎДА — не свая, чужая — не давала Ганне спакою ўжо другія суткі запар. Ні днём, ні ноччу. Гэта ж трэба, столькі гадоў сябравалі, выраслі разам, вучыліся, працавалі, у дзяцей-унукаў на вяселлях гулялі, і вось на табе — абразілася, адвярнулася ад яе Таццяна, за адно толькі незнарок, не абдумана кінутае слова. А цяпер такі цяжар на душы, такі сорам, што хоць ты паўз хату сяброўчыну не йдзі, вачэй не падымі. Нібы ў турме — ва ўласнай хаце, на сваім падвор’і Ганна шукала і знаходзіла сабе то адну, то другую справу, абы толькі не думаць, не маркоціцца, але як ні старалася — перарабіла здаецца тое, да чаго гадамі рукі не даходзілі, але лягчэй ад гэтага не станавілася. За што б ні бралася — перад вачыма стаяў пакрыўджаны сяброўчын твар, яе погляд — з такім папрокам, болем, што ў Ганны ўся душа пераварочвалася. Дзесяткі, сотні разоў пракручвала яна ў думках гэты прыкры эпізод, слова тое брыдкае, за якое гатова была адкусіць цяпер свой язык. Шукала іншыя — добрыя, лагодныя, якія б адагрэлі Таццяніна сэрца, растапілі лёд яе крыўды, не дазволілі разбурыць шматгадовую, моцную, сапраўдную дружбу.
Як пайсці да сяброўкі? Што сказаць ёй?.. Як апраўдацца? І ці выбачыць яна?.. Гэтыя думкі былі невыноснай пакутай для Ганны. Яна не заўважала сонца, якое нялітасціва пекла ёй у галаву і спіну, не чула, як рыпнула фортка, залямантавалі патрывожаныя кімсьці куры. Схамянулася толькі тады, калі чыясьці рука мякка кранула яе за плячо. Падняўшы галаву, убачыла Таццяну з кавалачкам хлеба ў руках і нейкім яшчэ пакункам. Ад нечаканасці Ганна нібы застыла. Усе словы, якія рыхтавала для такой вось сустрэчы, вылецелі з галавы. І Таццяна, відаць, зразумела, што рабілася ў душы яе сяброўкі:
— Памятаеш, нават такой вось маленькай хлебнай лустачкай некалі пасля вайны мы з табой дзяліліся, каб хоць крыху суцішыць голад. А солі ад нашых слёз — горасных і шчаслівых — пэўна, больш накапілася, чым у гэтым пакунку. Ці варта нам цяпер, пасля ўсяго, што мы перажылі разам, вочы адводзіць адна ад другой пры сустрэчы, хаты бокам абыходзіць? Што было — сплыло… Узрушаная да слёз такой шчырасцю, Ганна моцна абняла сваю сяброўку. Яны стаялі і плакалі — шчаслівыя. Пэўна, гэта і ёсць яна — сапраўдная дружба. А ёй уласцівы…
АДДАНАСЦЬ і ўменне прабачаць.
Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
