КСУП “Зара”
Надзвычай цёплае надвор’е сёлетняга лістапада — неблагое падспор’е для таго, каб падрыхтавацца як след да вясны: прычым, не толькі ўзараць прызначаныя пад яравыя культуры плошчы.
— Пакуль маем гаручазмазачныя матэрыялы, стараемся рабіць тое, што звычайна адымае шмат часу і сіл вясной. Усё, што можна было ўзараць, узаралі, зараз дамовіліся з кіраўніцтвам ПМС, каб выдзелілі нам вялікі балотны дыскатар — для апрацоўкі нізінных участкаў, якія ўжо гадоў 10-15 не засяваліся, параслі купінамі і хмызняком, — расказвае дырэктар КСУП “Зара” Алег Івашка. — Акрамя таго, вывозім і ўносім на палі арганіку, мінеральныя ўгнаенні.
Па словах кіраўніка гаспадаркі, механізатары, якія задзейнічаны на выкананні работ, разумеюць, якую палёгку дасць іх праца вясной, таму, вядома ж, стараюцца. Асабліва на тых участках, дзе вядзецца запраўка глебы пад бульбу, кукурузу і іншыя культуры. Аляксандр Прышчэп уносіць мінеральныя ўгнаенні, Сяргей Дашук, Мікалай Сафронаў і Віктар Прышчэп — арганічныя. На іх пагрузцы працуе Аляксандр Краўчанка. На сённяшні дзень у гаспадарцы нарыхтавана 5000 т арганічных угнаенняў, вывезена на палі і ўнесена 2000 т. І гэта не мяжа.
— Пакуль будзем мець магчымасць — будзем працаваць, — запэўніў дырэктар.
Аб’ёмы выкананых у КСУП “Зара” работ узрастаюць з кожным днём, а разам з імі — і ўпэўненасць у тым, што за своечасовае правядзенне вясенняй пасяўной кампаніі мясцовым хлебаробам можна не хвалявацца.
Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
