Слова — удзельніку Усебеларускага народнага сходу

Усебеларускае народнае веча — 6-7 снежня


Пётр БАШЛАКОЎ, механізатар КСУП «Ураджайны», удзельнік III Усебеларускага народнага сходу:


— Прызнацца, адразу і не прыгадаеш усяго, пра што ішла размова чатыры гады назад, падчас правядзення ІІІ Усебеларускага народнага сходу. Але што сапраўды запомнілася, дык гэта тыя планы і задачы, якія датычыліся беларускай вёскі — развіцця вытворчасці сельскай гаспадаркі, будаўніцтва новых ферм, забеспячэння гаспадарак сучаснай прадуктыўнай тэхнікай, будаўніцтва жылля. Я не бяруся зараз выказваць свае меркаванні наконт таго, наколькі спраўдзіліся словы кіраўніка дзяржавы стасоўна ўсёй тэрыторыі Беларусі. Скажу толькі за тую мясцовасць, дзе сам жыву і працую.


Новыя фермы? Адна з такіх пабудавана і працуе ў КСУП “Ура-джайны”, наколькі чуў, на чарзе — і іншыя гаспадаркі раёна. Тэхніка? Магчымасці сучасных трактароў, камбайнаў, агрэгатаў, выпушчаных нашымі ж беларускімі вытворцамі, дазваляюць аднаму механізатару выконваць той аб’ём, які гадоў пяць назад быў пасільны хіба толькі тром трактарам.


Заработаная плата? Той, хто сёння хоча і ўмее працаваць, на заробкі не крыўдуе.


Будаўніцтва жылля? Паглядзіце, колькі новых домікаў вырасла ў нашых вёсках за апошнія пяць гадоў. Як вадзіцелю, мне даводзілася бываць не толькі ў нашых аграгарадках, а і ў тых, што пабудаваны ў Рэчыцкім раёне, на Хойнікшчыне і ў іншых рэгіёнах, і ўсюды бачна: грошы і ў жыллё, і ў дарогі, і ў рамонт сельскіх устаноў укладзены немалыя. І, прызнаюся, прыемна было пачуць, што і надалей гэтая работа будзе працягвацца, што сродкі на добраўпарадкаванне сельскіх аб’ектаў яшчэ будуць выдзяляцца, што развіццё вёскі па-ранейшаму застаецца на самым пільным кантролі ў кіраўніка краіны. У тое, што так яно і будзе, веру, бо да гэтага абяцанні Аляксандра Лукашэнкі ніколі не былі пустымі.


Чаго хацелася б яшчэ, з якімі прапановамі звярнуцца да кіраўніка краіны? І надалей рухацца наперад. Каб сельскай гаспадарцы па-ранейшаму ўдзялялася самая пільная ўвага, каб працягвалася абнаўленне тэхнікі, развіццё вытворчасці, каб больш практыкі было ў навучанні нашай моладзі, і атрымаўшы новы, суперсучасны трактар ці камбайн, механізатар з упэўненасцю мог не проста кіраваць ім, а і выкарыстоўваць усе яго магчымасці і функцыі. Хацелася б, каб развіваліся, раслі, багацелі нашы вёскі, станавіліся больш перспектыўнымі, прыцягальнымі і для мясцовых людзей, асабліва для моладзі, і для інвестараў, якія б з жаданнем укладалі свае грошы ў развіццё сацыяльнай структуры, прамысловасці і г.д. Калі ўсё гэта будзе, будуць спрыяльныя умовы для жыцця і працы, для цікавага адпачынку — вёска будзе жыць.


Гутарыла Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK