Мы — беларусы!
Алена Цімафееўна ПІНЧУК, ураджэнка і жыхарка Лоева, ветэран педагагічнай працы, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы, кавалер ордэна “Знак Пашаны”. Настаўнік ад Бога — гавораць пра яе многія, хто ведае Алену Цімафееўну. І сведчаць аб гэтым шматлікія яе ўзнагароды, самая галоўная з якіх — удзячнасць дзяцей і іх бацькоў. Усё гэта за сумленную працу, за цікавыя ўрокі, за старанную падрыхтоўку да іх, за ўменне зацікавіць дзяцей і перадаць ім свае веды. Ды што гаварыць, яна і сёння — узор для многіх. Сціплая і інтэлігентная, заўсёды з густам апранутая, спакойная і добразычлівая, Алена Цімафееўна адразу выклікае сімпатыю. І нягледзячы на тое, што жанчына даўно ўжо на заслужаным адпачынку, яна заўсёды ў цэнтры ўвагі — жаданы госць на многіх раённых мерапрыемствах. Ёй ёсць, што расказаць падрастаючаму пакаленню, ёсць, чым падзяліцца. Яна дорыць моладзі свае ўспаміны, дзеліцца з ёй усім самым цікавым і важным, што накапілася ў памяці. Яна правяла вялікую работу па падбору матэрыялаў і напісанню гісторыі Лоеўскай сярэдняй школы даваеннага часу.
— Усяго хапала ў маім жыцці, шмат чаго давялося пабачыць, дзе пабываць. Спачатку гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё ў акупацыі, потым вучоба ў педагагічным інстытуце, работа на цаліне. Але сэрца заўсёды цягнулася да матчынай хаты, да найпрыгажэйшых краявідаў Лоеўшчыны. Вярнулася, працавала настаўніцай і сваёй прафесіі не здрадзіла. Нават будучы на пенсіі, заўсёды старалася быць побач з дзецьмі, праводзіла з імі сустрэчы, гутаркі. І зараз мяне запрашаюць у музей бітвы за Днепр, школы. Я расказваю рабятам аб гадах ваенных ліхалеццяў, пра тое, якім у той час быў наш Лоеў, як ён будаваўся і развіваўся ў пасляваенныя гады. З гонарам расказваю пра свайго дваюраднага брата Рыгора Пінчука, іменем якого названа адна з вуліц гарпасёлка. Прыемна, што моладзь цікавіцца гісторыяй свайго роднага краю — значыць ёсць упэўненнасць у заўтрашнім дні.
Ні на хвіліну не забываю пра школу. Зараз ужо цяжка параўнаць адукацыю з той, якая была раней. Сучасныя школы адрозніваюцца ўсім, нават сваімі статусамі: сталі гімназіямі, ліцэямі. І гэта, лічу, не проста новыя назвы, гэта больш сур’ёзныя патрабаванні як да выкладчыкаў, так і да вучняў. Радуе, што зараз многае робіцца для таго, каб павысіць якасць адукацыі. У школах з кожным годам асвойваюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, сучасныя методыкі выкладання, усюды, нават у невялікіх вясковых навучальных установах, ёсць камп’ютэрныя класы, створаны найлепшыя ўмовы для навучання і выхавання. Дзякуючы гэтаму і веды вучняў сталі больш трывалымі, і талентаў у іх стала выяўляцца многа. Вось чытаю ў друку, як нашы вучні то ў алімпіядах прызавыя месцы заваёўваюць, то ў конкурсах перамагаюць, то ў спорце вялікіх вышынь дасягаюць. Ганаруся, што беларускія дзеці на высокім узроўні дэманструюць свае веды не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.
Мы, былыя педагогі, заўсёды цікавімся дасягненнямі сучаснай адукацыі. У нашым раёне ўжо дзевяць гадоў існуе арганізацыя ветэранаў педагагічнай працы. Яна самая шматлікая ў раёне, таму мы ніколі не лічым сябе забытымі і адзінокімі. Частыя сустрэчы, абмяркоўванне накірункаў нашай работы. Да нас наведваюцца цяперашнія настаўнікі са сваімі вучнямі, работнікі аддзела адукацыі, якія аказваюць неабходную дапамогу. Многія ветэраны педагагічнай працы наведваюць арганізаваны клуб “Надежда”. Яны сумесна са школамі праводзяць урокі Мужнасці, арганізоўваюць акцыі ў падтрымку састарэлых людзей, наведваюць памятныя месцы нашага раёна. Акрамя таго, сустракаемся і з маладымі педагогамі, стараемся перадаць ім свой вопыт, дапамагаем адчуць большую ўпэўненасць і рашучасць на сцежцы настаўніцкай працы.
Ветэран — чалавек узросту. Яму не патрэбны мільёны, а толькі крыху ўвагі. І дзяржава ў гэтым напрамку не абмінае нас бокам. Кожны ветэран у нашай краіне адчувае сваю значнасць, таму што ў свой час ён таксама працаваў, добрасумленна выконваў свае абавязкі. Адчуваецца, што і сёння ён патрэбен грамадству. І менавіта за гэта я і люблю свой родны куточак, сваю Беларусь.
Гутарыла Ала ГОЛІК, “ЛК”.
