ГІСТОРЫЯ АДНАГО АБРАЗКА

Такіх абразкоў на драўляных крыжах у Карпаўцы можна пабачыць некалькі. Усе яны розныя, стаяць тут з даўніх часоў, прычым як на перакрыжаваннях дарог, так і проста пасярод вуліц. Стала цікава — хто і для чаго іх тут устанавіў?


— А мы зараз Ганну Адамаўну спытаем, яна вось у гэтым доме побач з крыжом і жыве. У былыя часы яе прозвішча ўсе ў раёне ведалі. Ветэран працы, некалі на ферме працавала, яшчэ ўручную кароў даіла, былая перадавічка, актывістка. У Карпаўцы — усё сваё жыццё. Пэўна ж, будзе ведаць, — прапанавала старшыня сельсавета Н.Грышчанка ў адказ на маё пытанне.


Ганна Адамаўна Карнаушанка нашай просьбе не адмовіла, тым больш што гісторыю іконкі і сапраўды ведае цудоўна:


— Пры маёй памяці паставілі яе тут, дзетачкі. Яшчэ ў першыя гады пасля вайны, — вымавіла бабуля, папраўляючы бялюткі ручнік на абразку. — Гэта ікона “Скорбящая Божья Матерь” — у гонар загінуўшых воінаў — вызваліцеляў і нашых мясцовых салдацікаў. Кожны год тут ставілі стол, бацюшка службу адпраўляў, збіраліся пеўчыя і звычайныя вяскоўцы, маліліся разам. Нават у тыя, бязбожныя часы.


Запомнілася вельмі, як яшчэ ў адну з першых служб ад натоўпу людзей аддзяліліся два хлапчукі — нашы мясцовыя, абодвух Шуркамі звалі, у абодвух бацькі на фронце загінулі. Памятаю, бацюшка моліцца, людзі разам з ім, а яны падбеглі да крыжа, абхапілі яго ручкамі, паднялі да неба поўныя слёз вачаняткі і як загалосяць:


— А Божачка, а родненькі, аддай, вярні нашых татачак.


І гледзячы на іх гора, на шчырую пакуту на маленькіх тварыках, галасілі ўсе — хто па іх, хто па ўласнай бядзе. А была ж яна, дзетачкі, тады агульная для ўсіх…


НА ЗДЫМКУ: гісторыю абразка расказвае Ганна Адамаўна Карнаушанка.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK