Далёкае-блізкае
Кожная вёска, як і чалавек, мае сваю гісторыю, свой лёс, жыве сваім жыццём, уласцівым толькі ёй адной. Яно, жыццё гэтае, нібы шырокая і прасторная дарога, убірае ў сябе мноства іншых сцяжыначак, часам зусім вузенькіх, непрыкметных, але знітаваных між сабой так цесна, як могуць быць звязаны хіба што долі вельмі блізкіх людзей. І прадстаўляючы сваім чытачам новы праект, “Далёкае — блізкае”, мы прапануем разам прайсціся гэтымі шляхамі-дарогамі — даследаваць гісторыю нашых вёсак, асабліва невялічкіх, “неперспектыўных”, узнавіць у памяці іх самыя яркія і прыгожыя моманты.
І елка каля дома, і венічак ля веснічак
МІХАЛЁЎКА. Населеных пунктаў з такой назвай і ў Беларусі, і далёка за яе межамі можна сустрэць шмат. Так сказаць, распаўсюджанае найменне, папулярнае. І ўсё ж наша Міхалёўка — вёска асаблівая, адмысловая. У гэтым вас абавязкова будуць пераконваць і работнікі Уборкаўскага сельскага Савета, на тэрыторыі якога знаходзіцца гэты населены пункт, і самі жыхары — людзі, бязмежна адданыя сваёй маленькай радзіме, зямлі, дзе нарадзіліся, пражылі доўгае і цікавае жыццё, якая стала не проста іх лёсам, а і прадметам шчырага захаплення і гонару.
— Гэта незвычайная вёска, і людзі там таксама незвычайныя, — запэўнівалі нас работнікі сельсавета Марыя Германовіч і Роберт Рызаеў. І ў пацвярджэнне сваіх слоў прывялі шмат довадаў.
Па-першае, усіх мясцовых жыхароў спрадвечна адрознівала асаблівае стаўленне да парадку. Так было ў даўніну, так застаецца і зараз.
— Вы зайдзіце ў госці да любой мясцовай бабулечкі, — прапанаваў Р. Рызаеў. — Якая б старэнькая і знямоглая ні была, а і пакойчыкі ў яе хацінцы, і двор будуць ідэальна чыстымі і акуратнымі. Летам і вясной вы не ўбачыце тут бур’яноў, восенню — лісця пад дрэвамі, зімой жа кожная сцяжыначка будзе акуратна расчышчана, а каля веснічак вы абавязкова пабачыце венік, каб любы, прошаны і няпрошаны, госць мог абабіць ногі.
Ды не толькі гэтым вызначаюцца міхалёўцы.
Вам, пэўна, часта даводзілася чуць забабоны пра тое, што каля хаты нельга садзіць елак, маўляў, як толькі гэтае дрэва вырасце вышэйшае за дах, то гаспадар памрэ, — працягвае расказ свайго калегі М. Германовіч. — Звярніце ўвагу на дамы ў Міхалёўцы. Ледзь не ля кожнага — высачэзная елка, а між тым многім з людзей, якія іх пасадзілі, ужо па 90 і больш гадоў. Вось вам і павер’і.
Ёсць у гэтай вёскі і мясцовых жыхароў і шмат іншых цікавых асаблівасцей. Амаль кожная гаспадыня захоўвае дарагія яе памяці старадаўнія рэчы — цікавыя фотаздымкі, унікальныя, уласцівыя толькі гэтым мясцінам вышыванкі і жаночыя ўбранні, саматканыя абрусы, прадметы быту. Усё гэта яны дамовіліся сабраць у невялічкім краязнаўчым музеі, які з дапамогай мясцовых улад плануюць адкрыць у сваёй вёсцы. А яшчэ вы не знойдзеце тут ніводнага дома, які б нікому не быў патрэбны. Чаму? Пра гэта наш наступны сюжэт. Яго, а таксама шмат іншых цікавых звестак пра вёску паведала нам мясцовая жыхарка, былая настаўніца, а цяпер пенсіянерка і найактыўнейшы памочнік старшыні сельсавета Ніна Філіпаўна Курыленка.
Дзе хвоя ні стаіць, а ўсё свайму гаю шуміць
…Куды б ні закінуў лёс чалавека, а мілейшай за родную старонку зямлі яму не знайсці нідзе. Можа, сама таму выхадцы з гэтай вёскі, як бы далёка ад яе ні жылі, не забываюцца пра сваю маленькую радзіму. Штогод у адзін і той жа час — у першую суботу жніўня, яны з’язджаюцца сюды не толькі з розных куточкаў Беларусі, а і далёка з-за яе межаў, каб разам, сапраўды дружнай вялікай сям’ёй адсвяткаваць дзень вёскі, яшчэ раз прызнацца ў сваёй шчырай любові да гэтых мясцін, гэтых людзей.
— На сёння ў нас усяго 19 чалавек засталося, на свята ж з’язджаецца па 150-200 чалавек, — расказвае Ніна Філіпаўна. — У кожнай хаціне тады бітком людзей. Цеснавата — ды весела як! На ўсю ноч, аж да рання, гулянка на ўсю вёску.
Тут і шчодра накрытыя сталы, тут і канцэрты, і прадстаўленні, прычым такія, што любыя эстрадныя зоркі пазайздросцілі б. Праграму мерапрыемства прадумваюць і рыхтуюць загадзя. Самі яе ўдзельнікі. Прычым задзейнічаць у ёй стараюцца ледзь не кожнага — і вяскоўца, і гараджаніна, і дарослых, і дзяцей. У асаблівай пашане тыя, хто дагэтуль жыве адным лёсам з Міхалёўкай, і няхай нямнога іх засталося, але кожны з мясцовых выхадцаў ведае пра гэтых людзей усё. Вось самая старэйшая жыхарка вёскі Ганна Адамаўна Башмак, нарадзілася яна ў 1918 годзе. Некалі ў Міхалёўцы было шмат ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Зараз жа ў жывых застаўся толькі Іван Пятровіч Кавальчук, і той цяпер жыве ў Лоеве, у дачкі. Ёсць і шматдзетныя маці: Надзея Мікалаеўна Каралёва і Ганна Майсееўна Крот — кожная выхавала па шасцёра дзяцей. Усім ім нізкі-нізкі, да зямлі паклон. З удзячнасцю і павагай сустракаюць тут на святах і астатніх жыхароў, многія з якіх не адно дзесяцігоддзе адпрацавалі ў школе, на пошце, на ферме: Надзею Цярэнцьеўну Седзька, Ефрасінню Іванаўну Седзька, Міхаіла Рыгоравіча Кушнера, Мікалая Антонавіча Курыленку, Марыю Аляксееўну Кушнер, Алімпіяду Сямёнаўну Крот, Тамару Фядосаўну Крот, Матрону Лаўрэнцьеўну Крот, Надзею Сцяпанаўну Крот, Надзею Фёдараўну Крот, Марыю Майсееўну Крот, Ганну Майсееўну Крот… Заўважылі, як часта сустракаецца тут прозвішча Крот? Гэта яшчэ адна асаблівасць у Міхалёўцы.
Дарэчы, гэтак жа разам мясцовыя жыхары сустракаюць і Новы год, для чаго ўпрыгожваюць адну з елак проста ў лесе, і Дзень Перамогі. А ўвогуле, добрых традыцый у Міхалёўцы так многа, што гэтай вёсцы, яе гістарычнаму мінуламу, можна было б прысвячаць не тое што газетны артыкул — цэлую кнігу. І хочацца верыць, што сярод мясцовых выхадцаў ахвочыя зрабіць такую добрую справу абавязкова знойдуцца. Ім будзе пра што напісаць.
З сівой даўніны
Гісторыя вёскі вельмі цікавая. Даследуючы яе, мы звярнуліся адразу да некалькіх пісьмовых крыніц, якія захаваліся ў музеі бітвы за Днепр, у інфармацыйных і інтэрнет-рэсурсах. Шмат цікавых падрабязнасцей паведаміла нам і сама Ніна Філіпаўна Курыленка, якая на працягу многіх гадоў запісвала ўспаміны старажыхароў — пра тое, як з’явілася вёска, адкуль пайшла яе назва і г.д. Шмат у яе розных запісаў, дакументаў, некаторымі з іх яна падзялілася і з намі.
Згодна ўпамінання назвы “Міхалёўка” ў пісьмовых звестках, вёска была заснавана прыкладна 170-157 гадоў таму назад.
У Вікіпедыі, дзе, дарэчы, змешчана кароткая інфармацыя ледзь не аб усіх населеных пунктах Беларусі, мы знайшлі наступныя даныя: “Міхалёўка — населены пункт Уборкаўскага сельскага Савета. У лесе, які раскінуўся навокал вёскі, ёсць дубрава Міхалёўка, яна з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. Увогуле вёска ўпамінаецца з XIX стагоддзя як паселішча ў Холмецкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1850 годзе гэта было валоданне памешчыцы Рудзееўскай”.
Па іншых крыніцах, на месцы, дзе Міхалёўка размешчана ў цяперашні час, некалі рос лес. Належаў ён пану Беку. Лесніком у гэтых мясцінах быў Міхаль (прозвішча не ўстаноўлена), а надзел, які ён абслугоўваў, называлі міхалавым прыходам (адсюль, пэўна, і назва вёскі — Міхалаўка-Міхалёўка).
У 1854 г. Бек пачаў будаваць свае маёнткі ў пасёлку Суткова, але на месцы забудовы пражывалі сяляне. З гэтай тэрыторыі па загаду Бека было пераселена 8 сем’яў, адна з якіх (па прозвішчы Крот) перабралася ў в. Вышамір (Рэчыцкі р-н), а астатнія сем (прозвішчы: Крот, Башмак, Карповіч, Седзька) пасяліліся ў лесе на паляне. У асноўным гэтыя прыгонныя сяляне займаліся нарыхтоўкай попелу пасля валкі і спальвання дрэў (ясеняў), тады гэты попел называлі “брак”. Выкарыстоўваўся ён для мыцця бялізны ў сядзібе памешчыка (па словах Ніны Філіпаўны, старажыхар Міхалёўкі Пятро Цімафеевіч Башмак прыгадваў некалі гэтае папялішча. Размяшчалася яно каля хаты Ганны Мікалаеўны Крот, за баявітасць і настойлівасць вяскоўцы называлі яе “англічанкай”, тут заставалася шмат попелу і вуглю, пазней у выніку гаспадарчай дзейнасці папялішча было распрацавана).
У 1892 г. у Міхалёўцы налічвалася 18 гаспадарак. Між вуліцамі ляжала балота. Праз яго былі пракладзены жэрдкі для пераходу з адной вуліцы на іншую. Пасля 1893 г. колькасць гаспадарак у вёсцы павялічылася. З поўдня і паўднёвага захаду сюды былі далучаны землі памешчыка Лашча. Увогуле, у гэты час утварэнне вёскі звязваюць з імёнамі Лашча і графіні Бараноўскай.
Некалі ў Міхалёўцы жыла жанчына, Фядора Атрошчанка, якая прыгадвала, як у часы яе дзяцінства, у 1901-1905 гады, вяскоўцы вымушаны былі адпрацоўваць паншчыну, капаць бульбу, за што мелі аплату: жанчыны — па 37 капеек, мужчыны — па 58 капеек. Многія сяляне, каб выжыць, аддавалі ў батракі сваіх 8-10-гадовых дзяцей, з якімі тады зазвычай разлічваліся 3-5 пудамі хлеба ў год. Разам з маці хадзіла капаць бульбу да графіні Бараноўскай і Фядора, было ёй тады гадкоў 10. На ўсё жыццё ўрэзаўся ў яе памяць той дзень, калі да іх на поле прыехалі апранутыя ў прыгожыя бялюткія сукенкі дочкі графіні і прасілі даць ім пячонікаў (печанай бульбы), а ўзамен частавалі сялянскіх дзяцей абаранкамі.
У 1913 годзе Лашч прадаў свае маёнткі па ўчастках сялянам па 125 рублёў за дзесяціну. У 1925-26 гадах сюды перабралася 10 сем’яў з Казіміраўкі і 4 — з Астравоў.
— Хацінкі ў паселішчы былі пабудаваны вельмі блізка, як кажуць, адна на адной, вуліцы вузенечкія, — пераказвае ўспаміны сваіх аднавяскоўцаў Н. Курыленка. — У час пажараў гэта было вялікай пагрозай, таму многія жыхары сталі рассяляцца па хутарах.
У 1936 годзе, у перыяд калектывізацыі, усе яны былі пераселены ў Міхалёўку.
— Не ўсё тут заладзілася з першых дзён, — расказвае Ніна Філіпаўна. — Людзі ўспаміналі, як пасля першай няўдалай спробы распусцілі арцель, тады коні і кароўкі з усіх ног беглі ў свае двары, у родныя хлявы і стойлы.
У 1930 годзе тут арганізавалі калгас імя В. Мо-латава. Першапачаткова ў яго ўступіла 17 гаспадарак. Першымі калгаснікамі былі Павел Іванавіч Крот, Ігнат Сцяпанавіч Крот, Кузьма Аляксеевіч Бондар і інш. Старшынёй калгаса быў абраны П.І. Крот (кіраваў да 1937 г.). Зямельная плошча калгаса складала тады 160 га. Тут мелася 17 коней і дробны сельгасінвентар.
Захаваліся і звесткі аб тым, як у 1937 годзе вяскоўцы ўручную рабілі насып ад Міхалёўкі да Лоева.
Да 1941 года ў калгас улілася яшчэ 91 гаспадарка. Зямельная плошча склала 893 га. У калгасе мелася: 93 каровы, 97 коней, 45 валоў, 80 сямей пчол, 1 аўтамашына, 2 конныя малатарні. З пабудоў было два хлявы для буйной рагатай жывёлы, адна стайня для коней і адно зернесховішча. Калгаснікі добра працавалі, багаты быў працадзень, і гаспадарка займала адно з першых месцаў у раёне.
Перад вайной, у 1927 годзе, у вёсцы была пабудавана школа. Да таго мясцовыя дзеці вучыліся па хатах. Гэтыя звесткі асабліва цікавыя для былой настаўніцы. Згодна сабраных ёю ўспамінаў землякоў, падахвоціў вяскоўцаў на гэтую добрую справу Васіль Цімафеевіч Башмак, па словах яго сучаснікаў — чалавек актыўны, справядлівы. Па яго загаду былі назначаны ўпаўнаважаныя, адказныя за будаўніцтва. Якраз у сакавіку і распачалі гэтую справу: людзі самі нарыхтоўвалі лес, звозілі яго ўласнымі коньмі, самі будавалі памяшканне, каб накрыць дах, кожнаму было загадана прынесці з дому па 3 кулі саломы. І ўжо да восені памяшканне было гатовае. Як успаміналі старажылы, было яно досыць прасторнае, на чатыры класы. Вучылі тут Закону Божаму, чытанню, пісьму, крыху — матэматыцы. Пакуль прыслалі першага настаўніка з Ліпнякоў, са школьнікамі займаўся Пётр Башмак. На жаль, у час вайны школа згарэла.
Літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай звыш 80 чалавек было мабілізавана ў армію, 6 — падаліся ў партызаны. Многія пайшлі на фронт і пасля вызвалення раёна. Надта ж нясоладка было жыць пад ворагам. За час акупацыі ўся калгасная маёмасць была знішчана. З усіх дамоў уцалела толькі 17. На франтах было забіта 65 ураджэнцаў гэтай вёскі, 64 пасля атрыманых раненняў засталіся інвалідамі вайны. Шмат ахвяр было і сярод мірнага насельніцтва. За час акупацыі было спалена 52 двары, забіта 4 жыхары вёскі.
У баях за вёску і наваколле ў кастрычніку 1943 года загінула 496 савецкіх салдат, у іх ліку Герой Савецкага Саюза В. І. Кулікоў, імя якога было прысвоена адной з вуліц Міхалёўкі (загінуўшыя пахаваны ў брацкіх магілах на ўсходняй і паўночнай ускраінах Міхалёўкі).
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у вёсцы быў адноўлены калгас. Усё насельніцтва стала зноў працаваць калектыўна. Жывёлы не было, але заставаліся працавітыя і ўпэўненыя ва ўласных сілах людзі. На сваіх плячах яны адрадзілі гаспадарку, сваю вёску, і неўзабаве калектыў зноў выбіўся ў раённыя лідэры па вытворчасці малака. У 1964 годзе гаспадарка была аб’яднана з калгасам ім. Леніна (цяпер — КСУП «Ураджайны»).
1850 г. — 8 двароў.
1897 г. — 18 двароў, 140 жыхароў (паводле перапісу).
1908 г. — 21 двор, 253 жыхары.
1940 г. — 82 двары, 213 жыхароў.
1959 г. — 372 жыхары (паводле перапісу).
1999 г. — 43 гаспадаркі, 78 жыхароў.
Удзячны героям-вызваліцелям
Памяць пра тых, хто загінуў, абараняючы ад ворага нашу Лоеўшчыну, тут захоўваецца вельмі беражна. Многія з імёнаў, выбітых на плітах брацкага пахавання, добра вядомыя вяскоўцам. І не толькі ўраджэнцаў Лоеўшчыны.
— На 9 Мая мы ідзём разам на могілкі, — расказвае Н. Курыленка. — Накрываем стол і ўзгадваем вайну, людзей, якія аддалі жыццё за вызваленне нашай зямлі ад ворага, тых, хто выстаяў, але не дажыў да гэтых дзён. Досыць часта нам дасылаюць лісты родныя загінуўшых воінаў-вызваліцеляў. Вось і ў апошнія гады мы таксама ладзілі перапіску з блізкімі Мікалая Рыгоравіча Смоліна, які ўдзельнічаў у змаганнях за нашу Лоеўшчыну, быў забіты каля вёскі Прагрэс і знайшоў вечны спакой у мясцовым брацкім пахаванні в. Міхалёўка. У Іркуцкай вобласці ў яго засталася жонка. Яна доўга не ведала, дзе пахаваны яе муж, і з нашай дапамогай атрымала гэтыя звесткі. (Заўв. аўтара: у адным з бліжэйшых нумароў мы раскажам гэтую гісторыю больш падрабязна).
Дапамаглі мы адшукаць і месца пахавання радавога Цімафея Антонавіча Каваленкі, які загінуў пры вызваленні вёскі Вазон. Яго дачка, якая жыве ў Кіеве, прасіла ў нас дапамогі. Было гэта зімой. Памятаю, выбраліся мы на могілкі, а пліты абледзянелыя, замеценыя снегам. Лямпай мы адагравалі надпісы, шукалі патрэбнае нам прозвішча. І знайшлі. Ведаеце, адчуванне было такое, што гэта не проста выбітыя на граніце літары, а чалавек знайшоўся — родны, блізкі камусьці. Паведамілі пра знаходку дачцэ, і яна прыязджала разам з сям’ёй да нас у вёску, і піша цяпер нам лісты. Не забывае.
З людзьмі і для людзей
Пра сваю ролю ў вёсцы як памочніка старшыні савета Ніна Філіпаўна распавядала вельмі сціпла. Маўляў, які там памочнік? Так, патэлефаную, каб дроў каму выпісалі, ці каб паведаміць, ці працуюць ліхтары на вуліцы, ці чысцяць дарогі ўзімку. Увогуле, тэлефоны ў нас ледзь не ў кожнага. Калі што і патрэбна — людзі самі звоняць у Савет, і нікому ні ў чым яшчэ адмовы не было. Задаволеныя мы нашай уладай. Стараюцца, не крыўдзяць нас.
Вось так і жывуць міхалёўцы — дружна і ў згодзе. Пэўна, як наканавана Богам — і ім, і іх вёсцы. І хацелася б, каб так заставалася як мага даўжэй, каб не вымерла вёска, жыла, саграваючы душы кожнага, хто звязаны з гэтай зямлёй. Шчасця вам, людзі добрыя!
НА ЗДЫМКУ: Н. Курыленка, жыхарка вёскі Міхалёўка.
Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
