Як нас абслугоўваюць
Гэтую тэму мы ўзнімаем штогод, прычым не толькі ў перыяд жніва, а і падчас іншых важных сельскагаспадарчых кампаній. І робіцца гэта з адной мэтай — людзі, якія, не шкадуючы сіл, з цямна і да цямна шчыруюць у полі, заслугоўваюць таго, каб і пра іх здароўе таксама клапаціліся. Прычым рабілі гэта як след, не для “галачкі”. Дык якім яно павінна быць, харчаванне механізатараў? І як арганізавана на самай справе? Адказы на гэтыя пытанні і намагаліся высветліць памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Таццяна Сняжко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Кір’янава, адпраўляючыся ў рэйд па прадпрыемствах грамадскага харчавання, якія абслугоўваюць хлебаробаў Лоеўшчыны.
КСУП “Каўпень-Агра”. Сюды ўдзельнікі аб’езду наведаліся невыпадкова. Адзін з мясцовых механізатараў паскардзіўся на якасць абедаў, вось і прыехалі ў сталовую, каб асабіста ўпэўніцца ў справядлівасці абвінавачанняў. Але ніякіх пацвярджэнняў пачутаму не знайшлі. Абеды гатаваліся са свежых прадуктаў. У харчблоку быў парадак, заўваг да повара не знайшлося. А вось што датычыць раздачы абедаў, то недахопы былі. Па-першае, недастатковая колькасць посуду, тэрмасаў — на абслугоўванні ў гэты дзень было 39 чалавек, столькі ж прыгатавалі і абедаў, а вось камплектаў, каб развезці іх на поле, налічылі толькі 21. Якім чынам кормяць астатніх удзельнікаў жніва? Пытанне застаецца адкрытым. Як і ўхіленне іншых недахопаў: развозіцца ежа не прыстасаваным для гэтых мэт транспартам, звычайны грузавік з адкрытымі бартамі. Няма тут умоў і для таго, каб людзі маглі памыць рукі перад абедам.
Дарэчы, аб гэтым з усіх наведаных гаспадарак паклапаціліся толькі ў КСУП “Малінаўка-Агра” — да кабіны прымацоўваюць ёмістасць літраў на 6-8, вады хапае на ўсіх, і кранік таксама ёсць — калі ласка, мыйцеся. У астатніх жа сельгаспрадпрыемствах адгаворка адна — маўляў, механізатары самі возяць ваду. Але ж яны бяруць яе з сабой, каб напіцца ў спёку (халодныя напіткі развозяць далёка не ўсюды). І няўжо так цяжка паставіць на той жа грузавік бітон, пакласці самаробны “ўмывальнік” з пластыкавай бутэлькі? Вось табе і ўвесь клопат пра людзей.
Вяртаючыся ў КСУП “Малінаўка-Агра” варта ўзгадаць і іншы прыклад, які след было б пераняць усім астатнім. Так, праблемы з прыстасаваннем для перавозкі абедаў транспарту ёсць і тут, але мясцовыя работнікі знайшлі, якім чынам іх вырашыць: змайстравалі і абабілі скрыню, у якую хаваюць ад пылу і бруду не толькі хлеб, посуд, а і тэрмасы. Выйсце знаходзіць той, хто яго шукае. На якасць абедаў нараканняў не было ні тут, ні ў суседнім КСУП “Ураджайны”, для якіх гатуе повар Малінаўскай сталовай Любоў Рэбянок. Абеды смачныя — людзі задаволены.
ПСУП “Лоеў-Агра”. Скрыня для перавозкі тэрмасаў тут ёсць, але стан, у якім яна ўтрымліваецца, не красіць раздатчыцу абедаў. Невядома, калі ў апошні раз мылася плёнка, якой ёмістасць аббіта ўнутры. Калі яна ўвогуле мыецца. Што ж датычыць якасці ежы (возяць яе з цэнтральнай сталовай), то прэтэнзій у гэты дзень ні ў каго не знайшлося. Відаць, папярэднія заўвагі пайшлі на карысць справе.
КСУП “Бывалькі”. Абеды мясцовым хлебаробам таксама гатуюць у Лоеве, у цэнтральнай сталовай. У папярэднія дні (у прыватнасці, у мінулую сераду, калі мы і самі пабылі на полі і размаўлялі з механізатарамі) прэтэнзіі на якасць ежы, асабліва першых страў, у людзей былі. “Суп сёння есці было немагчыма, абеды часта прывозяць халоднымі”, — скардзіліся механізатары. А між тым, кормяць іх толькі адзін раз на дзень, замест полудняў выдалі сухую каўбасу (з разлікам на некалькі дзён), халодныя напіткі — таксама рэдкасць. Вядома ж, замоўчваць праблему мы не сталі. Падключылі санітарную службу, кіраўніцтва райспажыўтаварыства. І ўжо на наступны дзень, патэлефанаваўшы некаторым з хлебаробаў, пачулі, што пакармілі іх як належыць — абед быў смачным, гарачым, нават мінеральную ваду прывезлі. Спадзяёмся, што так справа пойдзе і далей.
КСУП “Ураджайны”. Недастаткова посуду аказалася і тут. Як паведамілі ў гаспадарцы, яго ўжо заказалі, але ў дзень праверкі яшчэ не даставілі. Абеды возяць дзве машыны — “Волга” і грузавік з адкрытымі бартамі. Санітарныя нормы не выконваюцца, ні вады няма, ні адказнага спецыяліста ў гаспадарцы, з якога можна было б спытаць за ўсе выяўленыя недахопы.
КСУП “Страдубка”. Як і ў папярэдніх сельгаспрадпрыемствах, недахопы былі выяўлены толькі ў развозцы абедаў (яны тыя ж, што і ва ўсіх). А вось да іх якасці, умоў прыгатавання прэтэнзій не знайшлося.
КСУП “Зара”. Повара ў гаспадарцы хвалілі — гатуе смачна, ежы хапае. Але ў санітарнай службы заўвагі да арганізацыі кармлення ўсё ж знайшліся — выкарыстанне для дастаўкі абедаў непрыстасаванага транспарту.
СВК “Дняпровец”. Тут недахопаў было выяўлена значна больш — і наконт транспарту, і скрыня для перавозкі тэрмасаў без крышкі, і мінеральную ваду людзям не возяць. Да таго ж, першая страва была халоднай, у самой школьнай сталовай (менавіта тут гатуюць для механізатараў) шмат мух. Такія вось праблемы. Дарэчы, выяўляюцца яны не ўпершыню. І вясной работнікам, адказным за харчаванне механізатараў, таксама было рэкамендавана прасачыць за стварэннем такіх умоў, якія б дазволілі людзям узяць лыжку і хлеб чыстымі рукамі, гарачую міску паставіць не на зямлю ці кола трактара, а на перавазны столік. Толькі дзе гэта ўсё? Мабыць, там, дзе і сумленне работнікаў, якім абыякавы праблемы і нязручнасці іншых. Але рана ці позна за гэта давядзецца адказваць.
Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
