Знакамітыя людзі Лоеўшчыны
Многія старэйшыя жыхары нашага раёна небезпадстаўна лічаць, што вялікі ўклад у практычную медыцыну Лоеўшчыны ўнёс звычайны фельчар Іван Іосіфавіч Багдановіч, які ў першай палове мінулага стагоддзя больш за 50 гадоў свайго жыцця аддаў служэнню людзям на ніве аховы здароўя. Яны і зараз з пачуццём павагі да гэтага незвычайнага чалавека расказваюць аб тым, як фельчар Багдановіч лячыў і падымаў на ногі іх саміх і іх хворых родзічаў, рабіў складаныя аперацыі.
Іван Багдановіч нарадзіўся 28 сакавіка 1885 года ў сям’і беззямельнага шляхціча Іосіфа Багдановіча, які служыў эканомам у панскім маёнтку ў Магілёўскай губерні. Яго маці Караліна Адамаўна была хатняй гаспадыняй і выхоўвала трох сыноў і шэсць дочак. Бацькі збіралі грошы і марылі набыць свой кут, завесці ўласную гаспадарку. У 14 гадоў Іван паспяхова закончыў царкоўна-прыходскую школу. Ужо з дзяцінства яскрава праявіліся рознабаковыя здольнасці юнака. Ён паспяхова вучыўся, меў музыкальны слых і цудоўны голас, спяваў у царкоўным хоры, іграў на музычных інструментах, умеў іх рамантаваць і настрайваць. Асабліва захапляўся ігрой на гармоніку. Але не музыка і спевы сталі яго сапраўдным прызваннем. Іван абраў медыцыну і паступіў у Магілёўскую фельчарска-акушэрскую школу, у якой 5 гадоў старанна вучыўся і быў у ліку лепшых навучэнцаў.
З красавіка 1906 года Іван Багдановіч стаў працаваць фельчарам у Лоеўскай валасной бальніцы, якую ўзначальваў тады вопытны ўрач Ян Людвігавіч Драбінскі. Менавіта Ян Драбінскі на пачатку кар’еры аказаў значны ўплыў на маладога фельчара, раскрыў яму многія сакрэты прафесійнага майстэрства. Ён прапанаваў Багдановічу даследаваць гісторыю сямей карэнных лаяўчан, каб ведаць іх спадчынныя захворванні і беспамылкова распазнаваць нават самую складаную хваробу. Багдановіч шмат працаваў з навуковай медыцынскай літаратурай, вучыўся самастойна дыягнаставаць і лячыць захворванні. Сур’ёзным выпрабаваннем для маладога фельчара стала эпідэмія брушнога тыфу, якая ў 1911 годзе была занесена ў Лоеўскую воласць праз рачны транспарт. Працаваць даводзілася да знямогі, але хваробу сумелі адолець. Падчас эпідэміі захварэў і перабалеў на тыф і сам Іван Іосіпавіч, з таго часу галаву фельчара пакрыла сівізна.
Івану Багдановічу давялося папрацаваць і з будучым свяцілам беларускай гінекалогіі Яўгенам Уладзіміравічам Клумавым, які ў маі 1914 года ўзначаліў Лоеўскую валасную земскую бальніцу. У Клумава фельчар Іван Багдановіч вучыўся павазе і дабразычлівасці да хворых.
Ёсць звесткі, што падчас першай сусветнай вайны Іван Багдановіч у 1916-1917 гады быў на вайсковай службе, але затым зноў вярнуўся на Лоеўшчыну, бо адчуваў, што ён тут больш патрэбны. Да таго ж у Лоеве яго чакала жонка — Марыя Рыгораўна, якая працавала акушэркай.
Ужо ў 20-я гады мінулага стагоддзя Багдановіч праявіў сябе як прафесійны фельчар. У той цяжкі час на ім, у літаральным сэнсе, трымалася ўся раённая сістэма аховы здароўя. І гэта адчувалі людзі, якія ішлі да яго і шукалі падтрымкі, а Іван Іосіфавіч нікому ў ёй не адмаўляў. Жыхарка Лоева Алена Цімафееўна Пінчук згадвае эпізод, калі яе старэйшы брат Анатоль раптоўна дома ўпаў і страціў прытомнасць, а яна, не раздумваючы, пабегла да хаты Багдановіча. Той штосілы бег больш за кіламетр, каб уратаваць юнака.
З цягам часу талент і адносіны да справы фельчара Багдановіча ацанілі і раённыя ўлады. У 1930-х гадах ён абіраецца дэпутатам Лоеўскага раённага Савета. Адбыліся змены і ў асабістым жыцці. Пасля смерці першай жонкі, якая была на адзінаццаць гадоў старэйшая за мужа і з якой у яго не было дзяцей, Іван Багдановіч ажаніўся ў другі раз на медсястры Любові Давыдаўне, якая ў 1940 годзе нарадзіла яму дачку Валянціну.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Багдановічу было ўжо 56 гадоў, да таго ж пачалі пастаянна нагадваць аб сабе хранічныя хваробы. Хадзіць даводзілася толькі з кіёчкам. Як і многія іншыя жыхары Лоеўшчыны сям’я ўрача апынулася пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Багдановіч зноў вымушаны быў узяць на сябе ўвесь цяжар медыцынскай дапамогі мірным жыхарам: лячыў запаленні і хваробы сэрца, вырываў зубы і прымаў роды, даводзілася рабіць і складаныя аперацыі, на якія рашаўся толькі тады, калі гэта быў адзіны сродак, каб дапамагчы чалавеку. У вёсцы Каўпень яго добрым словам часта згадвае Дзмітрый Якаўлевіч Гайдук, якому ў падлеткавым узросце позняй восенню 1942 года асколкам міны перабіла галёнку правай нагі, а Багдановіч зрабіў аперацыю. Зараз пенсіянер хаця і накульгвае, але ходзіць на сваіх нагах і надзвычай удзячны фельчару. І такіх выпадкаў, калі Багдановіч ратаваў людзей, можна згадаць шмат. Да таго ж, ён, хаця афіцыйна і не лічыўся падпольшчыкам, але не аднойчы перадаваў у Лоеўскі партызанскі атрад “За Радзіму” праз сувязных медыкаменты. Таксама яму даводзілася таемна выпраўляцца ў лес да партызан, каб аказаць неадкладную дапамогу раненым. Не аднойчы ён, рызыкуючы ўласным жыццём, вызваляў лаяўчан, схопленых немцамі і паліцаямі, забіраючы іх з фашысцкіх засценкаў для тэрміновай аперацыі, а затым садзейнічаў пераправе іх у бяспечнае месца. Аб гэтым ёсць дакументальныя сведчанні жыхароў Лоеўшчыны, партызан і падпольшчыкаў Аляксандра Супруна, Акуліны Лысенка і іншых. Дарэчы, пасля вайны Багдановіч і сам стаў грамадскім сведкам дзяржаўнай камісіі СССР аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна. Важнейшыя фрагменты дадзеных ім звестак зараз змешчаны на старонках раённай хронікі “Памяць”.
Адразу пасля вызвалення Лоеўшчыны, 26 кастрычніка 1943 года, Багдановіч быў зноў прызначаны фельчарам Лоеўскай раённай амбулаторыі і працягваў самааддана працаваць на карысць людзям. Зноў лячыў і ратаваў хворых, перадаваў свае веды і вопыт маладым калегам. Будучы добрым псіхолагам, ён казаў сваім пацыентам, што хворы і доктар павінны поўнасцю давяраць адзін аднаму, і ў гэтым выпадку яны разам здолеюць асіліць хваробу. Па сведчанні людзей, ён быў сапраўдным інтэлігентам, надзвычай чалавечным і чулым. Людзі паважалі і цанілі яго за самаадданую працу, веды і вернасць сваёй прафесіі.
Іван Іосіфавіч быў добрым сем’янінам. Разам з жонкай выхаваў пасынка Аляксандра Чэрніка, які абраў прафесію ўрача і да выхаду на пенсію паспяхова працаваў хірургам-практолагам у медычных установах Мінска. Яго дачка Валянціна таксама стала медыкам і працавала загадчыцай аддзялення, а пасля выхаду на пенсію працуе ўрачом Бабруйскага скура-венералагічнага дыспансера.
Іван Іосіфавіч пайшоў на пенсію, калі яму споўніўся 71 год. Але пенсіянерам быў нядоўга. 6 красавіка 1962 года ён памёр ад інфаркту і быў пахаваны на Лоеўскіх могілках.
Мікалай Іваноў, жыхар Лоева.
