Ці ведаеце вы?
Да нядаўніх пор лічылася, што першае пісьмовае ўпамінанне вёскі Каўпень адносіцца да 1795 года. Менавіта ў гэтым годзе яна ўзгадваецца ў інвентарных запісах лоеўскага маёнтка, які належаў графу Юзафу Юдзіцкаму. Тады ў вёсцы налічвалася 35 двароў, каля 400 жыхароў.
Але нядаўна на сувязь з краязнаўцамі Каўпенскай базавай школы выйшаў навуковец Чарнігаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Ігар Кандрацьеў, які прафесійна даследуе гісторыю Любечскай і Лоеўскай валасцей і рыхтуе да выдання сваю кнігу. Даследчык падзяліўся з намі сваімі напрацоўкамі і папрасіў даслаць матэрыялы, зробленыя беларускімі калегамі. З матэрыялаў украінскага навукоўца стала вядома, што ў 1595 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза выдаў прывілей лоеўскаму шляхцічу Рыгору Сілічу, уласніку Пушкароўскага “плаца” ў Лоеве, з зацверджаннем яго шляхецтва і права на валоданне сялом Каўпынічы, каля ўрочышча Салёныя Ямы, дзе “пражывалі людзі, празываемыя “каўпынічы”, і сенакосамі за Дняпром каля Калодавіц». Нашы даследаванні мясцовай тапанімікі дазволілі дакладна вызначыць, што ўрочышча, размешчанае каля вусця Сожа, і зараз называецца Калодзічы, а за ім, у бок вёскі Абакумы, размешчана ўрочышча Каўпенскі Рог. Менавіта гэтае ўрочышча некалі атрымаў шляхціч Сіліч у валоданне, а потым яно перайшло да Каўпенскай сялянскай грамады, якая карысталася ім да 1870 года. А вось звестак, дзе існавалі ўрочышчы Пушкароўскі “плац” і Салёныя Ямы, не захавалася. Верагодна, так іх называлі жыхары Лоева, і даўнія назвы іх забыліся. Сяло Каўпынічы — гэта наша вёска Каўпень, узрост якой, дзякуючы апошнім даследаванням, павялічыўся на 200 гадоў. Зараз ёсць усе падставы сцвярджаць, што вёска Каўпень адносіцца да старэйшых вёсак Лоеўшчыны.
Дарэчы, у даследаваннях украінскага навукоўца згадваюцца і іншыя старэйшыя замкавыя вёскі Лоеўшчыны: пад 1571 годам — вёскі Глушэц, Дзяражычы, Мохаў, Ісакавічы (у складзе Любечскага стараства); пад 1615 годам — вёскі Глушэц, Дзяражычы, Бывалькі (у складзе Любечскага стараства), а вёскі Ізбін (сучасная Пярэдзелка), Мохаў, Стары Лоеў, Ісакавічы, Папоўка (сучасны Першамайск), Абакумы — у складзе Лоеўскага стараства.
Мікалай Анісавец, настаўнік гісторыі Каўпенскай базавай школы.
