Абразкі
Танюсенькія, ледзь заўважныя, яны, бы жывыя, трапяталі ад самага лёгкага подыху ветру — на паўсухіх пажухлых травінках, на штакецінах паўразбуранай шчарнелай агароджы, на кволенькіх галінках невялічкай хвойкі і пакуль яшчэ гнуткага пруціка-дубочка… Нітачкі-павуцінкі — як мройныя думкі, згадкі-успаміны пра нешта ўрыўкам пабачанае-пачутае, што, чамусьці, так і не забылася, зачапілася за “галінкі” памяці і нагадвае пра сябе ледзь заўважным трапятаннем.
